Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч пра «Падарожжа ў БНР»: «Жывы подых часу замест рамантычных казак з карцінкамі»


Альгерд Бахарэвіч, фота: Юлія Цімафеева
Альгерд Бахарэвіч, фота: Юлія Цімафеева

Кніжная сэрыя Радыё Свабода папоўнілася новым выданьнем. Гэта архіўны раман Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР». Сваімі першымі чытацкімі ўражаньнямі дзеліцца пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч.

На мой погляд, беларуская літаратура мае вялікую праблему з «нон-фікшн» — у большасьці тых, хто бярэцца за гэты жанр, выходзяць або нястрымныя славаслоўі, або сухія справаздачы, у найлепшым выпадку — больш ці менш удалыя пераказы.

Жаданьне праліць сьлязу, нікога не пакрыўдзіўшы, і задаволіць чытача, не прымушаючы яго думаць, ні да чаго добрага не прыводзіць. Як і жаданьне абавязкова знайсьці супэргерояў — нават там, дзе іх няма.

І таму я дужа рады выхаду «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы — кнігі, якую я чытаю онлайн, кожны дзень зь нецярплівасьцю чакаючы выхаду чарговага разьдзелу (дзякую Свабодзе за гэты «сэрыял»).

Нарэшце: кніга, напісаная жывой мовай, кніга са сваёй адметнай, спакойнай, але зусім не абыякавай, інтанацыяй, кніга стылёва-іранічная, стрыманая там, дзе жарты не дарэчы, і ня нудная нават калі гаворка ідзе пра сур’ёзныя дакумэнты.

Кніга, заўжды гатовая падзяліцца адкрыцьцём, кніга, напісаная ня звысака, але дзякуючы ўважліваму і востраму позірку.

Кніга, дзе гісторыя — не ікона, але тое, што здарылася з усімі намі, жывы подых часу замест рамантычных казак з карцінкамі.

Кніга, якая дапамагае зразумець нашае сёньня. Кніга, якая разбурае стэрэатыпы.

Кніга, дзе голас аўтара гучыць менавіта так, як мы і мусім, на маю думку, размаўляць зь мінулым: без надрыву або пагарды, суперажывальна і захоўваючы дыстанцыю, бо мы ўсё ж — іншыя.

Кніга пра жывых і для жывых.

Архіўны раман — і сапраўднае падарожжа ў часе.

Прэзэнтацыя кнігі Сяргея Шупы «Падарожжа ў БНР» адбудзецца у Менску, 20 сакавіка (аўторак) у Культурным інкубатары Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак у 19.00.

​Прэзэнтацыя ў Горадні адбудзецца 23 сакавіка (пятніца) ў этнакраме «Цудоўня» (вул. Кірава, 3), пачатак у 18.30.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG