Былы агент расейскіх спэцслужбаў Барыс Карпічкоў заявіў пра пагрозы на свой адрас, якія ён атрымаў за месяц да атручваньня ў Брытаніі былога палкоўніка ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля. Паводле Карпічкова, яму паведамілі пра тое, што ён сам і Скрыпаль стануць аб’ектамі нападу.
Былы супрацоўнік КДБ адзначыў, што атрымаў інфармацыю ад надзейнай крыніцы ў расейскіх спэцслужбах, аднак не палічыў пагрозы сур’ёзнымі, бо атрымліваў іх і раней. Карпічкоў падкрэсьліў, што ня быў знаёмы са Скрыпалём. Адказнасьць за яго атручэньне, ён усклаў на расейскія спэцслужбы.
У інтэрвію выданьню New Zealand Herald Карпічкоў распавёў пра напад на яго ў Новай Зэляндыі. Інцыдэнт адбыўся ў 2007 годзе. Тады невядомы кінуў Карпічкову ў твар парашок. Паводле Карпічкова, пасьля гэтага ён адчуў сябе кепска. Лекар дыягнаставаў ў яго грып. Карпічкоў сьцьвярджае, што пазьней у яго выпалі ўсе валасы і ён схуднеў на 30 кіляграмаў.
Крамлёўскія атруты: брытанскія журналісты кажуць пра падабенства паміж справамі Скрыпаля і Літвіненкі
Паліцыя Новай Зэляндыі пачала праверку. Там пацьвердзілі, што з 2006 па 2007 год Карпічкоў сапраўды знаходзіўся ў краіне.
Карпічкоў быў супрацоўнікам савецкага Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, а пасьля распаду СССР — расейскім агентам у Латвіі. У 1995 годзе ён стаў перадаваць інфармацыю латвійскім уладам. У 1998 годзе былога супрацоўніка КДБ раскрылі і ён зьбег у Лёндан. Паводле Карпічкова, у 2006 годзе яму пагражалі і ён паехаў у Новую Зэляндыю.
Ахвяры «Навічка». Гісторыя яду, які фігуруе ў справе аб атручэньні ў Солсбэры
14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй абвінаваціла Расею ў атручваньні Сяргея Скрыпаля. Яна абвясьціла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. Пазьней у сераду на экстраным пасяджэньні Рады бясьпекі ААН брытанскі прадстаўнік заявіў, што Расея парушыла Канвэнцыю аб забароне хімічнай зброі. Сьцьвярджаецца, што Скрыпаль быў атручаны распрацаваным у Расеі рэчывам «Новичок».
Лідэры Брытаніі, ЗША, Нямеччыны і Францыі заклікалі Маскву даць інфармацыю пра «Новичок» Арганізацыі па забароне хімічнай зброі. Расейскае Міністэрства замежных спраў у адказ заявіла, што распрацоўкі рэчыва з такой назвай не вяліся ні ў СССР, ні ў Расеі. Намесьнік кіраўніка МЗС Сяргей Рабкоў падкрэсьліў, што Масква спыніла распрацоўку новых узораў хімічнай зброі ў адпаведнасьці з міжнароднымі дамовамі.
4 сакавіка Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя ў брытанскім горадзе Солсбэры ў крытычным стане пасьля атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам. У бальніцы апынуўся і паліцыянт, які ўдзельнічаў у расьсьледаваньні. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогі за сваё жыцьцё.
У 2006 годзе Сяргей Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі па абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Вялікабрытаніі. У 2010 годзе Скрыпаля абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША.