Сёньня быў абнародаваны сусьветны рэйтынг шчасьця ў сьвеце — World Happiness Report. Ён складаецца Інстытутам Зямлі Калюмбійскага ўнівэрсытэту на замову ААН.
Паводле сёлетняй справаздачы Беларусь займае 73 месца са 156. Самымі шчасьлівымі краінамі сёлета аказаліся Фінляндыя, Нарвэгія і Данія. У дзясятку самых шчасьлівых краінаў трапілі таксама Ісляндыя, Швэйцарыя, Галяндыя, Канада, Новая Зэляндыя, Швэцыя і Аўстралія.
Замыкаюць сьпіс самыя нешчасьлівыя ў сьвеце краіны — Паўднёвы Судан, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка і Бурундзі.
Беларусь сёлета апынулася прыкладна ў сярэдзіне сьпісу, паміж Гандурасам і Турэччынай.
З суседзяў Беларусі чатыры краіны аказаліся больш шчасьлівыя, чым яна (Польшча — 42 месца, Літва — 50, Латвія — 53, Расея — 59), а Украіна — менш шчасьлівай (138 месца).
Беларусь увайшла ў групу 29 краінаў з найменш спрыяльным стаўленьнем да мігрантаў
Таксама ў справаздачы прыводзіцца рэйтынг краінаў паводле стаўленьня да мігрантаў, падлічаны дасьледным цэнтрам Гэлапа. Беларусь увайшла ў групу 29 краінаў з найменш спрыяльным стаўленьнем да мігрантаў. Аднак у гэтай групе горш, чым у Беларусі, стаўленьне да мігрантаў, у 26 краінах. У прыватнасьці, горш, чым у Беларусі, стаўленьне да мігрантаў у Вугоршчыне, Чэхіі і ва ўсіх суседніх з Беларусьсю краінах.
Рэйтынг World Happiness Report складаецца на замову ААН. У сваіх падліках аўтары грунтуюцца на такіх фактарах, як ВУП на душу насельніцтва, чаканая працягласьць жыцьця, сацыяльная падтрымка дзяржавы, давер да ўраду, ацэнка жыхарамі краіны свабоды прыняцьця рашэньняў і іх гатоўнасьць рабіць ахвяраваньні на дабрачыннасьць.