Дэпутат Дзярждумы ад ЛДПР Леанід Слуцкі, якога некалькі журналістак абвінавацілі ў дамаганьнях, папрасіў прабачэньня ў жанчын, якім «калі-небудзь вольна ці міжволі прычыніў любыя перажываньні». Пра гэта ён напісаў у сваім віншаваньні з 8 сакавіка, апублікаваным у Фэйсбуку.
«Паверце, не праз кепскія намеры», — дадаў Слуцкі.
Дэпутат раней назваў «трызьненьнем» абвінавачваньні ў сэксуальных дамаганьнях, якія вылучылі адразу тры журналісткі. Кіраўнік думскага камітэта па пытаньнях сям’і, жанчын і дзяцей Тамара Плетнява заявіла, што ня верыць абвінавачваньням на адрас Слуцкага, і параіла журналісткам «апранацца больш прыстойна» і не прыходзіць у Думу, калі ім страшна.
Старшыня ніжняй палаты парлямэнта Вячаслаў Валодзін прапанаваў журналісткам памяняць працу.
8 сакавіка ля Дзярждумы прайшлі адзіночныя пікеты з патрабаваньнем прыцягнуць Леаніда Слуцкага да адказнасьці і пачаць у дачыненьні да яго расьсьледаваньне.