Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (21). Палякі адбіліся ад бальшавікоў, Жалігоўскі захапіў Вільню


Генэрал Люцыян Жалігоўскі ў Вільні, 1920
Генэрал Люцыян Жалігоўскі ў Вільні, 1920

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Літва лічыць беларускае пытаньне «ўнутрырасейскай праблемай»

У Рызе беларускую дыпляматыю чакала чарговая параза. На Балтыйскай канфэрэнцыі ў Більдэрлінгсгофе (сёньня — Булдуры, Юрмала), дзе краіны былых расейскіх ускраінаў — Фінляндыя, тры балтыйскія, Польшча і УНР — плянавалі стварыць «Усходнюю антанту» дзеля палітычнага, эканамічнага, вайсковага ды іншага збліжэньня, важна было заявіць пра сябе і беларусам.

І тут зноў каменем сутыкненьня сталі літоўска-беларускія тэрытарыяльныя спрэчкі. Удзел дэлегацыі БНР быў магчымы пры згодзе ўсіх астатніх удзельнікаў. Зусім прадказальна Літва катэгарычна запярэчыла дапушчэньню беларусаў на канфэрэнцыю.

Старшыня беларускай дэлегацыя Янка Чарапук паведамляў: «Віленшчына і Горадзеншчына — гэта той Гордзіеў вузел, каля якога ўсё зьвязана. Гастрату адносін літоўска-беларускіх узмацаваў яшчэ пратэст Беларускага ўраду проціў аддачы літоўцам бальшавікамі беларускіх зямель і эксплюатацыі лясоў...» (Пратэст Ураду БНР супраць літоўска-савецкай мірнай дамовы ўсё ж быў пачуты!)

Прадстаўнік Літвы заявіў, што Літва не прызнае ніякай БНР, бо «ня хоча ўвязвацца ва ўнутрырасейскія праблемы».

Мамонька бярэ ўладу. І аддае

3 верасьня ў Рызе адбыўся супольны сход Прэзыдыюму Рады і Ўраду БНР. Васіль Захарка расказаў сумную гісторыю пра бязмэтнае абіваньне маскоўскіх парогаў. Затое нашмат больш аптымістычнай была справаздача Язэпа Мамонькі, які вярнуўся з савецкага Менску.

Вось галоўныя пункты справаздачы: 1) палякі, пакідаючы Менск, спалілі шмат будынкаў і прычынілі Менску страшэнныя страты (руіны Мамонька сфатаграфаваў і прывёз з сабой фоткі, але ў архівах яны не захаваліся)^; 2) пасьля адыходу палякаў ўлада ў Менску была ўзятая беларусамі на чале з самім грамадзянінам Мамонькам^; 3) але з прыходам Чырвонай арміі ўладу, на жаль, давялося аддаць Чырвонай арміі^; 4) бальшавікі прапанавалі беларускім партыям разьдзяліць зь імі ўладу, але ўсе партыі, апрача беларускіх камуністаў, ад гэтага адмовіліся^; 5) беларускія дзеячы вядуць працу ў культурна-прасьветных установах і каапэратывах, усюды вынесеныя рэзалюцыі наконт абавязковасьці ва ўсіх школах беларускай мовы.

Падпісаць ноту супраць Расеі не паднімаецца рука

Зьмена палітычнай сытуацыі ў Беларусі выклікала пошукі новых палітычных арыентыраў. Учорашні галоўны вораг — Польшча — перастала быць гаспадаром становішча ды імкліва адступала.

У гэтых умовах Вацлаў Ластоўскі вырашыў, што пазыцыя палякаў у справе прызнаньня незалежнасьці будзе мякчэйшай, і зьвярнуўся да польскага ўраду з адпаведнай нотай, зазначыўшы, што «беларускі народ ніколі ня можа пагадзіцца з маскоўскай акупацыяй, дабіваючыся поўнай палітычнай незалежнасьці» і што «непрызнаньне дагэтуль Польшчай незалежнасьці Беларусі зьвязвае беларускаму народу рукі. Ён ня можа актыўна выступіць проці маскоўскіх акупантаў».

Заадно Ластоўскі падрыхтаваў для дасланьня Канфэрэнцыі паслоў у Парыжы ноту пратэсту супраць бальшавіцкай акупацыі і гвалтоўнага абвяшчэньня Савецкай Беларусі, сфэдэраванай з Расеяй. Вакол гэтай ноты адбыўся сымптаматычны інцыдэнт. Старшыня Рады БНР Пётра Крачэўскі гэтую ноту падпісаць адмовіўся, пра што даведаўшыся, эмацыйны Кастусь Езавітаў рэзка адрэагаваў у прысутнасьці сябра Прэзыдыюму Рады Язэпа Мамонькі, які змусіў правесьці ў гэтай справе адмысловы разбор.

У літоўскіх руках Вільня застаецца нядоўга

На моцы літоўска-расейскай мірнай дамовы 1 верасьня бальшавікі перадалі Вільню літоўцам. Так крыху больш, чым на месяц, Вільня зрабілася сталіцай Літвы-1920. З гэтай нагоды ў Вільні адбылося паседжаньне прадстаўнікоў усіх беларускіх арганізацыяў. Удзельнікі прынялі рэзалюцыю, дзе заклікалі ўсіх беларусаў на далучанай да Літвы тэрыторыі злучыць усе свае сілы «дзеля згоднае, супольнае з братнім літоўскім народам дзяржаўнае працы і дзеля здабыцьця беларускаму народу належнага яму месца на роднай зямлі».

Беларускі актыў зьвярнуўся да літоўскіх уладаў з просьбай выдзеліць беларускую тэрыторыю ў межах Літоўскай дзяржавы ў асобную аўтаномію з сваёй беларускай адміністрацыяй.

Але пад літоўскаю ўладай Вільня заставалася нядоўга.

Беларусы «ў лапцях і купальных касьцюмах»

У сярэдзіне жніўня адбыўся нечаканы паварот у польска-расейскай вайне — нястрымны наступ сусьветнай рэвалюцыі быў спынены каля Варшавы, дзе адбыўся «Цуд над Віслай». Польскае войска перайшло ў контранаступ, і ваенная навала пакацілася па беларускай зямлі назад на ўсход.

У гэты момант Ленін зноў падумаў пра Беларусь:

«Необходимо налечь изо всех сил, чтобы белорусские рабочие и крестьяне, хотя бы в лаптях и купальных костюмах, но с немедленной и революционной быстротой дали вам пополнение в тройном и четверном количестве», — пісаў ён у жніўні 1920-га, калі Чырвонай арміі катастрафічна не хапала людзкіх рэсурсаў, каб стрымаць новы наступ палякаў.

Ластоўскі: «Узяўшы кій у рукі, пайду на Бацькаўшчыну...»

Аўген Ладноў працягваў слаць з Парыжу даўжэзныя лісты з падрабязнымі інструкцыямі Ластоўскаму якія яшчэ пастановы, ноты, мэмарандумы, пратэсты ці заявы трэба даслаць — і прызнаньне незалежнасьці БНР будзе ў кішэні. 12 верасьня 1920 Ластоўскі дасылае яму горкі эмацыйны ліст, бо сытуацыя падышла ўжо да апошняй мяжы:

«...Шосты ўжо год палаюць нашы вёскі і гарады, шосты ўжо год голадам мораць 12-мільённы народ! За шэсьць гадоў мы перамянілі 6 акупацый, шэсьць жорсткіх ёрмаў. Цяпер што? Ізноў паўстаньні? Дзеля чаго? Каб узьдзець сёмы раз нядаўна скінутае ярмо? Усё гэта ўжо апрацівела. Народ атупеў ад болесьці, народ зьняверыўся, што ёсьць дзе-небудзь на сьвеце праўда. Прыходзяць бальшавікі, нас грабяць, рвуць нашу бацькаўшчыну і дзеляць... Прыходзяць палякі, таксама рвуць, дзеляць і грабяць...

Ня веру ў прызнаньне нашай Незалежнасьці Антантай. Намі проста іграюць, намі таргуюць. Злосна таргуюць...

Падаю да Вашага ведама палажэньне, у якім знаходзіцца Ўрад. У нікога ні граша. Я ўжо ўсё параспрадаваў, што можна было прадаць. Далей цягнуць лямку ня маю ні сіл, ні змогі. Калі апошнюю рэч прадам і апошні грош выпушчу — узяўшы кій у рукі, пайду на Бацькаўшчыну...»

На перамовах у Рызе Чарвякоў сядзіць у гледачах

Лёс Беларусі тым часам вырашаўся тут жа, побач, у Рызе, куды 21 верасьня 1920-га былі перанесеныя распачатыя ў жніўні ў Менску польска-расейскія перамовы. Фонам для іх стаўся «Цуд над Віслай» і новы польскі наступ на ўсход.

Урад БНР зьвярнуўся да Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы, да ўрадаў Польшчы і Расеі з патрабаваньнем даць на перамовах месца Беларусі. Была сфармаваная дэлегацыя БНР на чале з Ластоўскім, якая выступіла з дэклярацыяй, дзе патрабавала ад Расеі і Польшчы прызнаньня незалежнасьці Беларусі і допуску на перамовы.

Расейска-ўкраінская дэлегацыя на перамовах прадстаўляла таксама і БССР, якая дэлегавала ёй свае паўнамоцтвы. Дэлегацыя БНР вяла неафіцыйныя гутаркі як з польскім бокам на розных узроўнях, так і з прадстаўніком БССР Аляксандрам Чарвяковым, які прысутнічаў на канфэрэнцыі толькі як староньні глядач. У гутарках Чарвякоў запэўніў, што «савецкі беларускі ўрад, стоячы на грунце этнаграфічных межаў з Польшчай, на падзел Беларусі ня згодзіцца, рыхтаваны мір будзе ігнараваць і лічыць сябе надалей у стане вайны з польскім імпэрыялізмам».

Менск зноў пад палякамі

«Цудам над Віслай» паразы бальшавікоў ня скончыліся. Польскае войска працягвала пасоўвацца на ўсход і 20–26 верасьня разграміла Чырвоную армію ў бітве над Нёманам. 29 верасьня быў заняты Пінск, 30-га — Баранавічы, 15 кастрычніка — Менск. Гэта раздало польскай дэлегацыі ў Рызе поўныя рукі козыраў, цяпер можна было дамагацца ад бальшавікоў самых выгодных умоваў падпісаньня міру.

Габрыеле Д’Анунцыё натхняе Люцыяна Жалігоўскага

Італьянскі паэт Габрыеле Д’Анунцыё ў верасьні 1919 году на знак пратэсту супраць рашэньня Парыскай мірнай канфэрэнцыі перадаць Югаславіі населены пераважна італьянцамі горад Фіюмэ (харв. Рыека) узьняў добраахвотніцкія вайсковыя аддзелы і насуперак пазыцыі італьянскага ўраду заняў горад, абвясьціўшы сябе Правадыром.

Паэт напісаў Канстытуцыю, дзе былі намяшаныя анархісцкія, протафашысцкія і дэмакратычна-рэспубліканскія ідэі. Д’Анунцыё спадзяваўся, што Італія далучыць горад да сваёй тэрыторыі, аднак замест гэтага яна абвясьціла Фіюмскай рэспубліцы блякаду. Дамова ў Рапала ў лістападзе 1920-га надала Фіюмэ правы незалежнай дзяржавы, але паэт дамову не прызнаў і абвясьціў Італіі вайну. Італьянская авіяцыя і флёт за пару дзён пакончылі з палітычнай паэзіяй.

Пра паэтычны акт Д’Анунцыё згадаюць газэты праз год у іншым кутку Эўропы. Падчас польска-расейскіх перамоваў, на якіх польская дэлегацыя займала антыфэдэралісцкія пазыцыі — узяць менш, але безь ніякіх кампрамісаў зь мясцовымі прэтэндэнтамі на аўтаномію — і празь дзень пасьля падпісаньня польска-літоўскай дамовы ў Сувалках, на моцы якой спыняліся ваенныя дзеяньні паміж бакамі і да лепшых часоў зацьвярджаўся статус-кво (Вільня на гэты момант была ў літоўскіх руках), здарыўся падобны акт непаслухмянства.

Генэрал Люцыян Жалігоўскі «ўзбунтаваўся» і сіламі сваёй 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі заняў Вільню. Пілсудзкі, які і выдумаў гэтую камбінацыю, зрабіў выгляд, што ня мае да яе ніякага дачыненьня.

Хітрая камбінацыя

На занятай «бунтаўнікамі» тэрыторыі (10 паветаў, зь Вільняй, Ашмяной, Сьвянцянамі, Трокамі і Смаргоньню) была абвешчаная Сярэдняя Літва — квазідзяржава з сваімі грашмі, сымболікай, паштовымі маркамі. 40 працэнтаў насельніцтва складалі беларусы.

Двое беларусаў, якія прыехалі ў Вільню разам з дывізіяй Жалігоўскага — Вацлаў Іваноўскі і Браніслаў Тарашкевіч — увайшлі ў орган выканаўчай улады Сярэдняй Літвы, Часовую кіраўнічую камісію. Першы з іх кіраваў дэпартамэнтам прамысловасьці, другі — асьветы.

Пытаньне палітычнай прыналежнасьці Сярэдняй Літвы меўся вырашыць сойм, выбары ў які адбыліся 8 студзеня 1922 году пры байкоце беларускага і літоўскага насельніцтва. 20 лютага 1922-га сойм Сярэдняй Літвы прыняў рашэньне пра далучэньне да Польшчы.

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG