Крымінальная справа супраць Уладзіслава Казакевіча, які абвінавачваецца ў асабліва цяжкіх злачынствах, накіравана ў суд. Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.
3 сакавіка 2017 году васямнаццацігадовага менчука асудзілі на 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму за напад на наведнікаў гандлёвага цэнтру «Новая Эўропа» з бэнзапілой і сякерай ды забойства чалавека.
Як паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі, падчас расьсьледаваньня новай крымінальнай справы ўстаноўлена, што Казакевіч распрацаваў злачынны плян дзеля забойства начальніка Шклоўскай калёніі № 17, каб адпомсьціць за дысцыплінарныя пакараньні.
«Для гэтага ён знайшоў загадзя прыладу для зьдзяйсьненьня злачынства — нож, які хаваў у цяжкадаступных месцах памяшканьня камэрнага тыпу. Забойства плянаваў ажыцьцявіць у момант, калі яго выклічуць для абвяшчэньня пастановы аб накладаньні дысцыплінарнага спагнаньня за парушэньне ўстаноўленага парадку адбыцьця пакараньня», — гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту.
12 кастрычніка мінулага году Казакевіч спрабаваў перашкодзіць супрацоўнікам калёніі № 17 правесьці асабісты вобшук і ператрус у ягонай камэры.
Паводле Сьледчага камітэту, Казакевіч «спрабаваў нанесьці ўдары нажом аднаму з супрацоўнікаў калёніі ў жыцьцёва важныя органы».
«Зрабіць яму гэта не ўдалося, паколькі пацярпелы (супрацоўнік калёніі) аказаў абвінавачанаму актыўны супраціў. Аднак зьняволены пасьпеў параніць другога кантралёра, прычыніўшы яму цялесныя пашкоджаньні. Супрацьпраўныя дзеяньні Казакевіча былі спынены супрацоўнікамі калёніі».
Казакевічу прадʼяўлена канчатковае абвінавачаньне ва ўчыненьні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 артыкула 13, п.п.10,16 ч.2 артыкула 139; ч.1 артыкула 14, п.п.1,10,16 ч.2 арт.139 і ч.2 артыкула 410 (падрыхтоўка да забойства, замах на забойства дзьвюх асобаў у сувязі з ажыцьцяўленьнем iмi службовай дзейнасьці) Крымінальнага кодэксу.
Паводле псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы, на якую спасылаецца Сьледчы камітэт, Казакевіч «мог у поўнай меры ўсьведамляць характар сваіх дзеяньняў і кіраваць імі».