Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі 25 сакавіка будуць канцэрт і экскурсія


Ілюстрацыйны здымак. Шлях да месца пахаваньня дзеяча беларускага супраціву Цімоха Вострыкава ў вёсцы Раманавічы
Ілюстрацыйны здымак. Шлях да месца пахаваньня дзеяча беларускага супраціву Цімоха Вострыкава ў вёсцы Раманавічы

Сотую гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ў Гомлі адзначаць сьвяточным канцэртам і гістарычнай экскурсіяй па мясьцінах, зьвязаных з тагачаснымі падзеямі й асобамі.

Такі фармат зацьвердзіў Гомельскі грамадзкі арганізацыйны камітэт сьвяткаваньня юбілейнай даты, паведаміў Свабодзе сябра аргкамітэту Ўладзімер Кацора.

25 сакавіка плянуецца таксама традыцыйны аб’езд месцаў нараджэньня ці пахаваньня асобаў, якія спрычыніліся да ўмацаваньня беларускай дзяржаўнасьці: Палуты Бадуновай, Цімоха Вострыкава, Рыгора Клімовіча, Міхася Жызьнеўскага.

Напярэдадні юбілейнай даты заплянаваная прэзэнтацыя кнігі гісторыка Валянціны Лебедзевай: «Пакліканая Свабодай. Нарыс жыцьця і дзейнасьці Палуты Бадуновай».

У межах сьвяточных падзей у грамадзка-палітычным цэнтры ўжо адбыліся сустрэчы з доктарам гістарычных навук, выкладчыкам Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны Рыгорам Лазько і кандыдатам гістарычных навук Уладзімерам Ляхоўскім зь Менску. Яны расказалі гамельчукам пра асноўныя чыньнікі нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня ў 1914-1918 гадах і дзяржаўных сымбалях БНР.

На прапановы грамадзкага аргкамітэту сумесна адсьвяткаваць 100-годзьдзе аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці, увекавечыць памяць ураджэнкі Навабеліцы, міністра апекі першага ўраду БНР Палуты Бадуновай мясцовыя ўлады адказалі адмовай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG