Закрытую часова з прычыны маразоў і паводкі пераправу цераз Прыпяць аднаўляюць у новым месцы — вышэй па цячэньні, за два кілямэтры ад Турава. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў РУП «Гомельаўтадар» — прадпрыемстве, якое адказвае за эксплюатацыю аўтамабільных мастоў і пераправаў.
1 сакавіка людзей перавозілі катэрамі, якія ішлі за ледаколам.
На тэлеканале «Беларусь 1» перадалі, што на паседжаньні ўрадавай камісіі надзвычайных сытуацыяў абмяркоўвалі ўзьвядзеньне праз Прыпяць часовага пешаходнага моста зь піламатэрыялаў. Але ў «Гомельаўтадар» пакуль ніякіх распараджэньняў не паступала.
Пасьля зімовага ледаходу на Прыпяці маюць аднавіць пантонны мост. Ранейшы пантонны мост разарвала шарошам — дробнай масай мёрзлага лёду.
У «Гомельаўтадары» паведамілі таксама, што цяпер завяршаецца экспэртыза праекту рэканструкцыі стацыянарнага моста цераз Прыпяць. Яго мостабудаўнікі маюць аднавіць да канца 2018 году.