Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (10). Спроба перавароту ў Радзе БНР, непрыезд Купалы, прыход пехатою Аляхновіча


Менск, Гарадзкі тэатар, 1918
Менск, Гарадзкі тэатар, 1918

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

У Радзе Рэспублікі ўзьнімаюцца спрэчкі і шум

Праз чатыры месяцы пасьля стварэньня Рада БНР больш нагадвала ўжо ня лягер рамантыкаў-аднадумцаў, а звычайны ўсходнеэўрапейскі парлямэнт — са сваркамі, абразамі і мала што ня бойкамі. На 11-е паседжаньне ІІ сэсіі Рады 28 чэрвеня 1918 году з 55 радных (за два месяцы з розных прычынаў выбылі 26 чалавек) прыйшлі каля трыццаці, але і гэтага хапіла, каб распаліліся жарсьці.

Выступаючы ў першым пункце парадку дня (пытаньне ўцекачоў), радны ад новаўзьніклай партыі беларускіх эсэраў Тамаш Грыб «в своей несуразной речи, сопровождавшейся чтением очередной декларации, наносит ряд оскорблений Народному Секретариату и отдельным членам Рады, как-то: гг. Смоличу, Воронко, Овсяннику, Скирмунту и др., что вызывает бурные протесты пленума Рады».

Старшыня Лёсік двойчы спыняе прамову Грыба і прапануе забраць у яго слова. Канчаецца тым, што абражаны Варонка адмаўляецца выступаць у трэцім пункце парадку дня (міжнароднае становішча). Узьнімаюцца спрэчкі і шум. Прэзыдыюм пакідае залю пасяджэньняў, абвясьціўшы сход закрытым.

Партфэль Людвіга Рэзаўскага

Гісторыя рэчаў. У ліпені 1918-га сябра Рады БНР Язэп Мамонька едзе зь Менску ва ўрочышча Залесьсе Пагосцкай воласьці Слуцкага павету за невядомым клопатам. Нямецкі камэндант мястэчка Пагост затрымлівае яго і рэквізуе скураны партфэль з асабістай манаграмай і дакумэнтамі.

Згадка пра партфэль вяртае нас на пару месяцаў назад. Уначы 19 лютага зь Менску ўцякаюць бальшавікі — «так перапуджаныя, што пакінулі ўсё, ратуючы сваю партыйную шкуру», — апісвае тыя ўцёкі Макар Косьцевіч. І вось партфэль бальшавіцкага камісара ўнутраных справаў Людвіга Рэзаўскага, «героя» разгону Ўсебеларускага Зьезду, «дастаўся на памятку» ў рукі Мамонькі.

З увагі на род заняткаў Рэзаўскага, застаецца здагадвацца, каму ён належаў да яго. І — што зь ім стала пасьля...

Лыжачкі, шклянкі, кубачкі, талеркі — «без денег»

«Народный Секретаріатъ Б.Н.Р. проситъ Отделъ местнаго хозяйства не отказать въ любезности отпустить въ пользованіе Народнаго Секретаріата большой самоваръ съ чайникомъ и подносомъ за деньги и, если можно, безъ денегъ — ложечки, стаканы, кружки, тарелки, ножи, вилки и полотенца».

На момант падачы гэтай просьбы ў касе НС заставалася крыху больш за 3 тысячы рублёў (для арыентацыі: месячная пэнсія — заробак — раднага БНР складала 600 рублёў). Але ж без самавара ніяк...

У паветры застаецца нешта злавеснае і таямнічае

12-е пасяджэньне ІІ сэсіі Рады БНР, якое расьцягнулася на тры дні — 9–11 ліпеня — скончылася парлямэнцкім пераваротам. З розных прычынаў (службовыя справы, культурная праца на месцах, сямейныя абставіны) да Менску не даехаў зь дзясятак радных ад левага крыла Рады. Правыя на чале са Скірмунтам, карыстаючыся колькаснай перавагай, прынялі яшчэ чатырох новых радных, якія папоўнілі іхныя шэрагі.

Скірмунт узяў назад сваю адмову сфармаваць кабінэт і выступіў з дэклярацыяй. У новы кабінэт, апрача Скірмунта (старшыня і міжнародныя справы), запрашаліся Кіпрыян Кандратовіч (унутраныя справы), Радаслаў Астроўскі (асьвета), Станіслаў Хжанстоўскі (фінансы) і Павал Аляксюк (кіраўнік справаў).

Усе «новыя міністры», ня будучы раднымі, паўнапраўна галасавалі ў паседжаньні сэсіі. У выніку, нягледзячы на пратэсты левых, якія вінавацілі правых, «новапамалёваных пад беларускі колер людзей», у палянафільстве і апартунізьме, Скірмунт і яго каманда цалкам кантралявалі пасяджэньне і перамаглі ўва ўсіх галасаваньнях. Кульмінацыя прыходзіць падчас галасаваньня аб камісіях Рады — правыя вырашаюць спыніць на лета працу ўсіх камісіяў.

«Настае магільная ціша, — распавядае справаздача. — Шаргацяць толькі складаныя аркушы паперы і ціхія крокі. Блёк [Зьезду і БСГ] і далучаныя да яго эсэры, не падаўшы ніводнага гуку, пакідаюць Раду. Радны Вернікоўскі, адзін зь лідэраў Менскага прадстаўніцтва, крычыць ім усьлед: „Сабралі манаткі і скацерцю дарога!“ Застаецца ў Радзе фактычна адно Менскае прадстаўніцтва. Палова залі пустая».

Паўпустая заля прымае пастанову распусьціць Раду на «летнія канікулы» да 15 верасьня. «Але ў паветры застаецца нешта злавеснае, пакуль няяснае і таямнічае...»

Ксяндза ловяць за руку

У справаздачы пра пасяджэньне асабліва дасталася на арэхі ксяндзу Вінцэнту Гадлеўскаму, які, узяўшы слова, найперш «аблаяў дзеяньні старога складу» Народнага Сакратарыяту.

Падчас галасаваньня за дэклярацыю кабінэту Скірмунта і за новы склад НС «адбываецца надта прыкры выпадак»: ксяндза ловяць за руку, калі ён у таемным галасаваньні спрабуе прасунуць два галасы («як выяўляецца, за ксяндза Каральчука, які пайшоў спаць»), і толькі пасьля выбачэньня перад прэзыдыюмам яго вызваляюць ад адказнасьці.

Усплывае Рада Ўсебеларускага Зьезду

Рада 1-га Ўсебеларускага Зьезду, як выявілася, з стварэньнем Рады БНР нікуды не прапала і ў адказ на спробу перавароту ў Радзе БНР выступіла з Унівэрсалам, дзе скасавала ўсе пастановы 9–11 ліпеня, прызнала ўсе паўнамоцтвы за Народным Сакратарыятам 1-га складу і даручыла яму пры падтрымцы праўнай камісіі Рады і з згодай і дапамогай нямецкіх акупацыйных уладаў стварыць новую Раду на працягу месяца.

З гэтай нагоды Народны Сакратарыят 1-га складу нават назваў сябе Часовым Урадам БНР.

Раман Скірмунт спрабуе стаць прэм’ерам яшчэ раз

13 ліпеня а 6-й гадзіне вечара Радаслаў Астроўскі, намесьнік новапрызначанага старшыні НС Скірмунта, і Павал Аляксюк у якасьці новага кіраўніка справаў прыйшлі ў сядзібу Народнага Сакратарыяту па вуліцы Захараўскай, 43, і запатрабавалі перадаць ім справы як новаму кабінэту. У якасьці падмацаваньня зь імі былі старшыня Рады Лёсік і ягоны намесьнік Уласаў.

Варонка справы перадаваць адмовіўся, зазначыўшы, што абмяркоўваць гэта будзе толькі з самім Скірмунтам. Заадно выявілася, што пасьведчаньні, на моцы якіх дзейнічалі Астроўскі з Алексюком, былі сфальшаваныя. Пасьля некалькіх гадзінаў бясплённых дыскусіяў госьці, «продолжавшие негодовать», пакінулі памяшканьне Сакратарыяту.

Скірмунт у адстаўцы, Варонка ў ад’езьдзе, Серада на кані

Каб разьвязаць менскі палітычны канфлікт, 15 ліпеня ў Менск зь Вільні прыехаў — ужо вельмі хворы — віленскі палітычны аўтарытэт Іван Луцкевіч, які з братам Антонам надалей трымаў у руках пульт дыстанцыйнага кіраваньня беларускай палітыкай. Але ягонае ўмяшаньне не прынесла ніякіх вынікаў. 20 ліпеня, так і не прыняўшы справаў ад НС 1-га складу, кабінэт Скірмунта падаў у адстаўку. 23 ліпеня пасаду старшыні Народнага Сакратарыяту заняў Янка Серада.

Язэп Варонка меўся ў якасьці надзвычайнага пасланьніка БНР у Літву, Украіну, Малдову, Грузію «і іншыя паўдзённыя рэспублікі» выехаць у адмысловую дыпляматычную паездку, аднак у выдаванай Народным Сакратарыятам «Хроніцы для газэт» паведамляецца, што Варонка перадаў Серадзе свае функцыі і «выехаў на правінцыю ў сваіх асабістых справах». Пазьней НС прыме пастанову: «У гэты палітычны момант паездка Надзвычайнага пасла к памянёным дзяржавам зьяўляецца ні на часе, таму НС БНР гэтую паездку затрымлівае».

Не хапае Ў і Ё

У ліпені набыла крытычную вастрыню праблема з друкам беларускіх выданьняў — недахоп спэцыфічных беларускіх літараў! З гэтай нагоды было вырашана выправіць друкара Якава Грынблата, з чыёй друкарні выйшлі, сярод іншага, тры Ўстаўныя Граматы, у Петраград «дзеля набыцьця нехапаючых для беларускай альфабэты шрыфтоў (літэраў „ў“, „ё“, „ц“ і „з“), патрэбных для друкаваньня беларускіх газэтаў і часапісаў». Якаў Грынблат з сынам Натанам выехаў у Петраград у жніўні.

Нямецкая духавая музыка

Народны Сакратарыят тым часам далей змагаўся за сваю прастору. У Юбілейны дом дзеячы Беларускага прадстаўніцтва яго пакуль што так і не пускалі. А на трэцім паверсе дому на Захараўскай, 43, які цяпер займаў Народны Сакратарыят, прадметам змаганьня сталі тры пакоі, якія НС арандаваў раней і якія цяпер былі «беспадстаўна занятыя нямецкім вайсковым аркестрам».

Магчыма, праблема тут была ня гэтулькі ў недахопе мэтражу, як у недастатковай гукаізаляцыі...

Купала зьбіраецца ў Менск, але так і не прыяжджае

4 жніўня ў памяшканьні таварыства «Сокал» на рагу Магазыннай і Падгорнай Беларускі нацыянальны тэатар пад кіраўніцтвам Флярыяна Ждановіча ставіў Купалава «Раскіданае гняздо». Прэм’ера спэктаклю адбылася за год да таго — 10 ліпеня 1917-га, у пастаноўцы таго самага Ждановіча.

Тымчасам сам аўтар сваёй п’есы на сцэне яшчэ ня бачыў — ад 1916 году ён жыў у Смаленску. Цяперашняя пастаноўка мелася быць прымеркаваная да прыезду ў Менск самога Купалы. Яшчэ 20 ліпеня Народны Сакратарыят выпісаў яму пасьведчаньне аб грамадзянстве БНР і патрэбе вярнуцца ў Менск.

3 жніўня выпісваецца яшчэ адно пасьведчаньне: «Паказчык гэтага, грамадзянін-беларус Янка Луцэвіч (Беларускі паэт Янка Купала) быў камандзірован у места Смаленск у сваім часе Народным Сакратарыятам Беларускай Народнай Рэспублікі для збору калекцый для Беларускай выстаўкі ў месьце Менску, а таксама для выясьненьня, у якім палажэньні знаходзіцца там яго сямейства і звароту сям’і ў м. Менск, дзе ён мае пастаяннае местажыцельства».

Купала вернецца толькі ў студзені 1919-га, калі Менск будзе ўжо бальшавіцкі.

Аляхновіч прыходзіць пехатою зь Вільні ў Менск

Яшчэ на пачатку ліпеня ў Менск зь Вільні пехатою прыйшоў адзін зь вядучых тагачасных драматургаў Францішак Аляхновіч і быў прызначаны загадчыкам рэпэртуарнай часткі Беларускага дзяржаўнага тэатру. Аднак мясцовыя тэатралы ягонаму «прышэсьцю» асабліва ня ўзрадаваліся.

У выніку ў БДТ адбыўся раскол. Прыхільнікі Флярыяна Ждановіча, якім Народны Сакратарыят Янкі Серады адмовіўся выдаваць субсыдыю («дзеля нястачы грошай»), аддзяліліся і перанялі старую назву, а Аляхновіч узначаліў новы — Беларускі народны — тэатар. Віленскі аўтар не дазволіў ставіць канкурэнтам свае п’есы, і таму плянаваны на 2 жніўня спэктакль «Бутрым Няміра» быў заменены іншым «з прычыны адсутнасьці ў тэатры таварыства „Сокал“ неабходных дэкарацыяў».

Затое ў тым самым «Сокале» дырэкцыя пасьля кожнага спэктаклю ладзіла танцы пад духавы аркестар, «дабы среди прочих культивировать и белорусские национальные танцы — „лявониху“, „юрку“ и др.»

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG