Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менгарвыканкам падалі новую заяўку на мітынг і канцэрт 25 сакавіка


У Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне ў Дзень Волі мітынгу і канцэрту, прысьвечаных 100-годзьдзю БНР. Папярэднюю, якая прадугледжвала таксама шэсьце, адхілілі.

Заяўку падалі ад імя пяці арганізацый — БНФ «Адраджэньне», руху «За свабоду», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і інфармацыйна-асьветніцкай установы Amaroka.

Заяўнікі просяць дазволіць збор удзельнікаў каля менскага Вялікага тэатру Беларусі (Опэрнага тэатру) 25 сакавіка з 13 да 14 гадзіны, а таксама правядзеньне мітынгу і канцэрту з 14 да 19 гадзіны.

Улады паабяцалі даць адказ на пачатку наступнага тыдня.

Да заяўкі арганізатары прыклалі дадатковы ліст, у якім просяць Менгарвыканкам таксама разгледзець магчымасьць дазволу шэсьця ад парку імя Янкі Купалы да Вялікага тэатру Беларусі, каб зьняць магчымую напружанасьць у грамадзтве.

26 лютага Менгарвыканкам неафіцыйна прапанаваў арганізатарам сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР зьмяніць яго фармат, адклікаць ранейшую заяўку і замест шэсьця праз цэнтар гораду правесьці мітынг і сьвяточны канцэрт у Купалаўскім парку або каля Вялікага тэатру опэры і балету.

Прапанова выклікала хвалю дыскусій і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР увечары 27 лютага. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Вялікага тэатру Беларусі.

* * *

Летась на заяўку аб акцыі на Дзень Волі адказалі зь вялікім спазьненьнем — у парушэньне законаў не за пяць дзён да акцыі, а ўвечары напярэдадні яе. Пісьмова дазволілі акцыю ў іншым месцы, вусна ж Шорац забараніў любыя акцыі 25 сакавіка. Але за гэткія парушэньні законаў нікога не пакаралі.

«Недазабароненую» акцыю на 25 сакавіка 2017 году жорстка разагналі (спачатку некаторых людзей прапускалі праз турнікеты да Акадэміі навук, потым там і затрымлівалі). Каля сотні затрыманых былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG