Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія СМІ назвалі Менск «энцыкляпэдыяй савецкага мадэрнізму»


Ілюстрацыйнае фота. Менск, Дом ураду, плошча Незалежнасьці
Ілюстрацыйнае фота. Менск, Дом ураду, плошча Незалежнасьці

«У свой час савецкае горадабудаўніцтва мусіла адлюстроўваць камуністычную ўтопію. Архітэктура Менску захавала гэтыя творы. Цяпер сталіца Беларусі — гэта сапраўдная энцыкляпэдыя савецкага мадэрнізму», — піша ўплывовае нямецкае выданьне Die Zeit.

Другое нямецкае выданьне, Die Welt, адзначае: «Сёньня асобныя цікавыя архітэктурныя рэчы можна ўбачыць толькі ў Менску».

Журналісты гэтых выданьняў днямі наведалі Менск на запрашэньне Інстытуту імя Гётэ з тым, каб азнаёміцца з праектам, прысьвечаным савецкай архітэктуры. Мэта будучай імпрэзы, заплянаванай на 2019-2020 гады, — даць імпульс іншым, найперш постсавецкім краінам, дзе захавалася гэтая архітэктурная, адназначна недаацэненая, спадчына і дзе ад яе хочуць найхутчэй пазбавіцца, больш прыгледзецца да гэтага стылю і знайсьці ў ім свае цікавыя каштоўнасьці.

Як піша аўтар артыкулу ў Die Zeit, сярод многіх іншых былых гарадоў СССР, дзе захавалася нямала савецкіх архітэктурных помнікаў, Менск як месца праекту быў выбраны невыпадкова. Беларуская сталіца лічыцца «выдатна захаванай і добраўпарадкаванай энцыкляпэдыяй савецкага мадэрнізму» — тут прадстаўленая архітэктура старой эпохі, ад канструктывізму да нэаклясыцызму, пасьляваеннага мадэрну; адноўлены псэўдааўтэнтычны стары горад на беразе ракі Сьвіслач. А побач зь ім — падобныя сваё пампэзнасьцю да сталінскіх сучасныя, адлітыя ў бэтоне жылыя вежы.

Ілюстрацыйнае фота. Траецкае прадмесьце на беразе Сьвіслачы ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Траецкае прадмесьце на беразе Сьвіслачы ў Менску

Менскія гіды нямецкіх журналістаў — філёзаф ды пісьменьнік Вольга Шпарага і гісторык архітэктуры і экспэрт у пытаньнях савецкага масавага жытла Дзьмітры Задорын. Дзьмітры нарадзіўся ў 1983 годзе ў Менску; калі яму споўнілася 14, разам зь сям’ёй перабраўся ў Нідэрлянды, дзе атрымаў адукацыю ў Тэхнічным унівэрсытэце Дэлфта. Потым некалькі гадоў працаваў у Маскве і нарэшце вярнуўся на радзіму. Неўзабаве ў бэрлінскім выдавецтве выйдзе ягоны архітэктурны даведнік пра Менск. Дзьмітры кажа, што родны горад «не адпускае яго».

Савецкія цікавінкі Менску

Цудам уцалелыя помнікі манумэнтальнай (культавай) архітэктуры другой паловы XVIII — пачатку XX стагодзьдзя, што на плошчы Свабоды ды вуліцы Камсамольскай, гісторыка-архітэктурны комплекс на вуліцы Кастрычніцкай. Усё гэта суседнічае са сталінскімі дамамі ды бліскучымі чорнымі будынкамі-кубамі, з Палацам Рэспублікі, побач зь якім на самай высокай у краіне мачце лунае дзяржаўны сьцяг.

Ілюстрацыйнае фота. Палац Рэспублікі ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Палац Рэспублікі ў Менску

На фота, зьмешчаных у нямецкіх выданьнях, самыя розныя менскія цікавінкі.

Музэй-майстэрня скульптара Заіра Азгура, дзе сабраныя розных памераў помнікі вядомым савецкім правадырам, уключна са Сталіным.

Унівэрсам «Цэнтральны», які месьціцца на цэнтральным менскім праспэкце гораду, які некалі зваўся Сталінскім. У 1950-я гады гэта была ўзорная гастранамічная ўстанова краіны. Сёньня супэрмаркет месьціцца на другім паверсе харчовай крамы. На першым — кафэтэрый, дзе можна папіць зь плястыкавых кубачкаў кавы, гарбаты, піва і нават чагосьці больш моцнага. «Цэнтральны» — месца сустрэчы моладзі ды пажылых людзей. Прадстаўнікоў сярэдняга пакаленьня сустрэнеш рэдка.

Ілюстрацыйнае фота. Унівэрсам «Цэнтральны» ў Менску
Ілюстрацыйнае фота. Унівэрсам «Цэнтральны» ў Менску

Дом дружбы на вуліцы Захарава, што непадалёк ад плошчы Перамогі, выглядае як віла ХІХ стагодзьдзя, якая належыць ляяльнаму да цара гран-буржуа. Тут і вялізныя жырандолі ў галоўнай зале, і фрэскі, і выраблены рукамі майстрых габэлен з матывам Белавескай пушчы. Насамрэч будынак узьведзены на пачатку 1950-х гадоў і належыць да стылю так званага савецкага нэаклясыцызму.

Як можа выглядаць будучая выстава, накіраваная на тое, каб прыцягнуць увагу адмыслоўцаў, культуролягаў, проста цікаўных грамадзянаў з розных краін былога СССР, прапанаваць ім задумацца пра захаваньне гістарычных помнікаў, пра гэта арганізатары пакуль спрачаюцца. Бо для многіх прадстаўнікоў 14 постсавецкіх краін, акрамя Расеі, зварот да савецкай каляніяльнай спадчыны выклікае неадназначнае стаўленьне. Яно вар’юецца паміж клопатам аб іх стане ў Менску, разбурэньнем у Кіеве, зносам у Тбілісі, — піша Die Zeit.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG