Ва ўмовах дэфіцыту і падаражаньня мукі ў Туркмэністане расьце попыт на вотрубʼе, якое звычайна ідзе толькі на корм свойскай жывёле і птушцы.
У Туркмэністане ў 2017 годзе рэзка вырасьлі цэны на прадукты харчаваньня, у тым ліку на асноўны тавар — муку. Дэфіцыт і рост цэнаў справакавалі некалькі фактараў. Па-першае, нізкі ўраджай пшаніцы (у паўтара раза ніжэйшы за чаканы), па-другое, агульная сытуацыя ў сельскай гаспадарцы Туркмэністану. У траўні 2017 году прэзыдэнт краіны афіцыйна прызнаў праблемы ў гэтай галіне і звольніў віцэ-прэмʼера, які курыраваў сельскую гаспадарку.
Некалькі гадоў уладам удавалася пакрываць недахоп мукі ў краіне за кошт закупкі яе за мяжой на грошы, атрыманыя ад продажу нафты і газу. Аднак ва ўмовах падзеньня коштаў на вуглявадароды закупкі прадуктаў харчаваньня за мяжой таксама рэзка скараціліся, што і прывяло да катастрафічнай сытуацыі ў канцы 2017 — напачатку 2018 года.
У сьнежні цэны на муку вырасьлі асабліва істотна (у два разы), а купіць муку найвышэйшага гатунку стала магчыма зь вялікімі цяжкасьцямі. Таму ў пачатку лютага ўлады Туркмэністану, па сутнасьці, забаранілі жыхарам краіны купляць муку пра запас і заявілі, што могуць пачаць канфіскоўваць «лішкі» ў насельніцтва. «Лішкамі» улады палічылі ўсю муку, абʼём якой «пераўзыходзіць патрэбы чальцоў сямʼі на пэўны час».
Асабліва цяжкая сытуацыя з мукою склалася якраз на поўначы, у Дашагузе. Там сёньня на аднаго чалавека можна купіць ня больш як 5 кг мукі за адзін раз.