Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынём аргкамітэту БСДП (Народная Грамада) пераабраны Мікола Статкевіч


Мікола Статкевіч падчас «Маршу абураных беларусаў» у Менску 21 кастрычніка 2017 году.
Мікола Статкевіч падчас «Маршу абураных беларусаў» у Менску 21 кастрычніка 2017 году.

Адпаведнае рашэньне прынялі 25 лютага дэлегаты чацьвёртай сэсіі ўстаноўчага зьезда арганізацыі ў Менску.

Пра гэта паведамляе агенцтва БелаПАН.

Старшыню абралі таемным галасаваньнем, у якім узялі ўдзел 52 дэлегаты. Яны аднагалосна падтрымалі пераабраньне Статкевіча.

«Для мяне гэта гонар. Я паспрабую апраўдаць ваш давер. Буду ісьці да канца, каб рэалізаваць нашы мэты і задачы», — заявіў палітык.

На сэсіі была прынятая палітычная рэзалюцыя. У ёй Аргкамітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) канстатуе, што «беларускі рэжым вычарпаў свае рэсурсы і не валодае патэнцыялам для неабходных краіне рэформаў».

Выбары, паводле рэзалюцыі, застаюцца «рытуалам прызначэньня ўладамі цалкам кіраваных імі „дэпутатаў“, нават калі асобныя зь іх належаць да дэмакратычных арганізацый».

Таксама Аргкамітэт БСДП (Народная Грамада) заявіў у рэзалюцыі пра «сваю рашучасьць працягваць барацьбу за свабоду і незалежнасьць Беларусі».

Сваю дзейнасьць аргкамітэт мае намер засяродзіць на працягу кампаніі мірных публічных акцый «Улада — народу!»

«Мы будзем разам зь іншымі патрыятычнымі сіламі весьці агітацыю і праводзіць публічныя мерапрыемствы ў абарону незалежнасьці. Мы лічым важным годна адзначыць 100-годзьдзе БНР у цэнтры сталіцы, каб прадэманстраваць гатоўнасьць патрыётаў абараняць дзяржаўнасьць нашай краіны», — гаворыцца ў рэзалюцыі.

***

Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў жніўні 1956 году ў Слуцкім раёне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Мінскае вышэйшае інжынэрнае зэнітнае ракетнае вучылішча. Кандыдат тэхнічных навук, спэцыяліст у галіне кіраваньня. Падпалкоўнік запасу. У траўні 2005 году Статкевіч быў асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю ў кастрычніку 2004 году ў Менску масавых несанкцыянаваных выступленьняў супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова ў траўні 2007 году.

У 2010 годзе вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля падзей Плошчы 19 сьнежня 2010 году суд прыгаварыў яго да шасьці гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). Быў вызвалены ў жніўні 2015 году.

Статкевіч узначальваў БСДП (Народная Грамада) з 1995 году да канца 2004 году, калі ў партыі адбыўся раскол і яна зьмяніла назву. У 2005 годзе палітык заявіў пра намер зноў заснаваць БСДП (Народная Грамада). 25 лістапада 2007 году прайшла першая сэсія ўстаноўчага зьезду партыі, на якой Статкевіч быў абраны старшынёй яе аргкамітэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG