Аляксандра Грудзько асудзілі на 12 гадоў папраўчай калёніі за забойства сваіх дзядулі і бабулі. Такое рашэньне прыняла калегія Горадзенскага абласнога суду. Працэс прайшоў у Слоніме ў закрытым рэжыме.
16-гадовы жыхар Слоніму забіў сваіх дзядулю і бабулю — скульптара Леаніда Богдана і ягоную жонку Тамару — пры канцы красавіка 2017 году.
Яны знайшлі ў яго электронную цыгарэту і падумалі, што гэта наркотык. Гэта выклікала гнеў Аляксандра, і ён пачаў біць іх нажом і мэталёвым шуфлікам.
Дзед яшчэ быў жывы і прасіў выклікаць «хуткую», але ўнук прынёс сякеру і дабіў яго.
Паводле сьледчых, Аляксандар Грудзько нанёс сваім бабулі і дзядулі 43 удары нажом і сякерай.
Пасьля гэтага хлопец прыйшоў у царкву і сказаў сьвятару, што да іх у хату ўварваліся злачынцы ў масках і забілі ягоных бабулю і дзядулю.
Бабуля зь дзядулем выхоўвалі Аляксандра з трох гадоў. Ягоная маці жыве ў Арабскіх Эміратах, а бацька — у Менскай вобласьці. Абое яны прыехалі на суд.
Адвакатка асуджанага заявіла, што абскардзіць прысуд.