Суд Цэнтральнага раёну Менску завочна асудзіў Зьмітра Дашкевіча і аштрафаваў на 30 базавых велічынь — 735 беларускіх рублеў.
Суд прызнаў Дашкевіча вінаватым у дробным хуліганстве падчас наведваньня барбэршопу «Чэкіст» 9 студзеня.
Група актывістаў на чале са Зьмітром Дашкевічам і блогерам Эдуардам Пальчысам правяла гутарку з супрацоўнікамі барбэршопа, спрабавала разьвесіць плякаты з прозьвішчамі больш як сотні беларускіх інтэлігентаў, забітых у кастрычніцкую ноч 1937 году.
Пратэст каля барбэршопа «Чэкіст» у Менску. ФОТА, ВІДЭА
Актывісты спрабавалі давесьці, што «называцца супрацоўнікам карнага органа, які спрычыніўся да масавых рэпрэсій, — гэта як мінімум дэманстраваць няведаньне гісторыі» і што «з такім жа посьпехам, можна было ўзяць назву „Гестапавец“».
Згодна зь міліцэйскім пратаколам аб адміністрацыйным парушэньні, Дашкевіч «настырна навязваў сваю прысутнасьць», «у [неразборліва] форме патрабаваў зьмяніць назву і мэблю» і «наўмысна парушаў дзейнасьць» установы, чым выявіў «непавагу да грамадзтва». Сьведкамі выступілі супрацоўнікі барбэршопа Ільля Мятліцкі і Алег Кот.
Лукашэнку ня сорамна за злачынствы чэкістаў
Чэкістамі ў СССР называлі работнікаў Усерасейскай надзвычайнай камісіі ў барацьбе з контрарэвалюцыяй і сабатажам (скарочана па-расейску ЧК), затым слова выкарыстоўвалі і ў дачыненьні «нашчадкаў» ЧК: НКВД, МГБ, КГБ.
Аляксандар Лукашэнка неаднаразова казаў сілавікам не саромецца назвы «чэкісты» і гісторыі спэцслужбаў у Беларусі. У апошні раз ён далучыў сябе да ліку чэкістаў — маўляў, «да нас прэтэнзіі выставіць цяжка», бо «мы былі часткай сыстэмы, і тым ня менш бясчынства ў нас у Беларусі заўсёды было менш».
«Продкі» беларускага КДБ пастаянна, ад самага 1917 году, удзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях супраць беларусаў. Пад рэпрэсіі трапілі, паводле розных ацэнак, ад 600 тысяч да 1,4 мільёна беларусаў, але колькасьць ахвяраў дакладна невядомая — архівы, зьвязаныя зь імі, дагэтуль закрытыя. Але гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч забітых у часы сталінскіх рэпрэсіяў.