Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (1). Пачаткі беларускага нацыянальнага варушэньня


Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы будзем публікаваць старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Пара словаў пра два тамы «Архіваў БНР» і адкуль яны ўзяліся

Неяк зімою на пачатку 1990-х у хату на віленскім Антокалі, дзе я тады жыў, завітаў адзін менскі знаёмец, літаратуразнаўца з архіўнымі схільнасьцямі, і агаломшыў мяне сэнсацыяй: ён знайшоў у Літоўскім дзяржаўным архіве ліставаньне паміж двума найстрашнейшымі ворагамі ў беларускім сьвеце — Антонам Луцкевічам і Вацлавам Ластоўскім! Гэтыя два слупы нацыянальнага адраджэньня былі сапраўднымі жыцьцёвымі антыподамі і вечнымі канкурэнтамі на лідэрства ў беларускім руху — перапіску паміж імі было цяжка сабе ўявіць.

Слова за слова, госьць прагаварыўся пра нумар архіўнага фонду, а я наўсьлеп узяў з паліцы манаграфію нейкага савецкага мастадонта, дасьледніка «беларускай контрарэвалюцыі» — і расчаравана ўздыхнуў: ніякай сэнсацыі, згаданы фонд ужо даўно ня быў ніякім сакрэтам. Толькі што раней ён быў закрыты, дазвол працаваць зь ім давалі кампэтэнтныя органы, таму звычайныя беларусы да яго доступу ня мелі. А цяпер — у 1992 — тэарэтычна мелі, але ж у тую Вільню ўжо так проста не наезьдзісься...

Назаўтра выбраўся я сам з аднаго канца Антокалю ў другі — у той самы архіў — і... выйшаў зь яго праз шэсьць гадоў з двума тамамі вагою на два з паловай кіляграмы, у якія ўвайшлі 3873 дакумэнты на 1722 старонках.

Кароткае апісаньне маіх заняткаў у выходных зьвестках падаецца так: «Укладаньне, падрыхтоўка тэксту, уступны артыкул, камэнтары, пераклады, паказальнік, кампутарны набор, макет».

Выданьне арганізаваў нью-ёрскі Беларускі інстытут навукі й мастацтва на чале зь яго бязьзьменным дырэктарам Вітаўтам Кіпелем, макет падрыхтавалі калегі зь віленскага Таварыства беларускага пісьменства, а з друкам дапамаглі знаёмыя з элітнага выдавецтва «baltos lankos».

Так мне давялося пабыць гісторыкам і нават трапіць у энцыкляпэдыю і ў бібліяграфію ўнівэрсытэцкіх курсаў.

...А ліставаньня Луцкевіча з Ластоўскім там ніякага і не было. Гэта тупы энкавэдысцкі архівіст так назваў адну са справаў фонду, не разабраўшыся як сьлед у адрасатах і адрасантах.

Віленская частка Архіваў БНР — 135 справаў у двух вопісаx. 135 тэчак рознай таўшчыні і глыбіні, апрацаваныя архівістамі савецкіх спэцслужбаў у канцы 1940-х. І гэта толькі частка раскіданага па сьвеце і часткова страчанага або яшчэ ня знойдзенага цэлага. Прыблізна гэткая самая паводле аб’ёму частка захоўваецца ў Менску. За магчымасьць дыстанцыйнага карыстаньня менскай часткай я ўдзячны калегу Ўладзімеру Ляхоўскаму.

Седзячы ў архіве і перабіраючы справы старонка за старонкай, я адкрыў для сябе новы невядомы сьвет, краіну і эпоху. Найбольш мяне ўразіла тое, што Беларуская Народная Рэспубліка была зусім не такою, як яе выстаўлялі савецкія гісторыкі і прапагандысты, і не зусім такою, як яе бачылі прыхільнікі ідэі БНР — пераважна ў эміграцыі. І адны і другія лічылі яе «буржуазна-нацыяналістычнай» у сутнасьці, толькі першыя яе за гэта ганілі, а другія хвалілі. А насамрэч яна такім спрошчаным дэфініцыям не падлягае.

І яшчэ — я ўва ўсім гэтым дакумэнтальным масіве ўбачыў матэрыял нават не для гістарычных манаграфіяў, а для літаратуры. Дзьве кнігі «Архіваў БНР» можна чытаць проста як постмадэрнісцкі раман — пачаўшы з кожнага месца, і далей па спасылках.

* * *

Перад БНР

Пачаткі беларускага нацыянальнага варушэньня ў Менску ў Архівах БНР, натуральна, не зафіксаваныя, але з пачаткамі заўсёды так — усё пачынаецца нашмат раней, чым пачынаецца. Але тут ня будзем згадваць Старажытны Полацак, Вялікае Княства Літоўскае ці Першую сусьветную вайну, а перанясемся ў часе роўна на год раней за дату абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 году.

Вось жа, 25 сакавіка 1917-га ў Менску ўсё беларускае, што толькі магло знайсьціся, сабралася на Зьезд беларускіх нацыянальных арганізацыяў. У авангардзе гэтай падзеі быў Менскі беларускі нацыянальны камітэт, у які адразу пасьля расейскай лютаўскай рэвалюцыі перайменаваў сябе Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Зьезд вітаў Часовы ўрад Расеі і выказаўся — упершыню — за аўтаномію Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расеі. На зьезьдзе быў створаны орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага руху — Беларускі нацыянальны камітэт на чале з буйным земляўласьнікам Раманам Скірмунтам, але бальшыню сяброў камітэту склалі прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады.

Скірмунта паслалі ў Петраград дамаўляцца аб аўтаноміі, але ні пра што дамовіцца на ўдалося. У ліпені ў Менску на Зьезьдзе беларускіх арганізацыяў і партыяў левыя адсунулі правых убок і абралі новы прадстаўнічы орган — Цэнтральную раду беларускіх арганізацыяў на чале з выканкамам, дзе ўжо вялі рэй дзеячы Беларускай сацыялістычнай грамады.

Важна зазначыць, што ў тыя першыя месяцы — вясной і летам 1917-га — у Менску, будучай сталіцы Беларусі, упершыню ў публічную прастору ўварвалася беларуская мова. Яна гучала на сходах і мітынгах, на ёй друкаваліся ўлёткі і адозвы, а ў траўні пачала выходзіць першая ў Менску беларуская газэта — «Вольная Беларусь».

Што ўперад — сацыялізм ці нацыя

Першая сэсія Цэнтральнай рады беларускіх арганізацыяў 5 жніўня 1917-га распачалася спрэчкамі аб мове. Абраны прысутнымі старшыня Станіслаў Петрашкевіч, узяўшы слова, выбачыўся, што, «не знаючы акуратне беларускай мовы, будзе гаварыць па-расейску». І пайшло-паехала...

Першым бараніць моўныя пазыцыі кінуўся нацыянальна сьведамы ксёндз Аляксандар Сак, запатрабаваўшы, каб старшыня пакінуў сваё месца або гаварыў па-беларуску. Але талерантныя калегі — Шантыр, Равінскі, Цьвікевіч — патлумачылі чалавеку ў сутане, што «дзеля насільства старога ладу, выгнаўшага мову са школы, толькі хто-ніхто спаміж сьвядомых беларусоў можа гаварыць па-беларуску». Абураны стаўленьнем сходу да гэтай важнай справы, ксёндз Сак пакінуў залю.

Яшчэ адным месцам буксаваньня на сэсіі сталася пытаньне выбару палітычных прыярытэтаў. Тут назіраўся гендэрны дысбалянс — спрэчка абышлася без мужчынаў. Правая Ванда Лявіцкая закінула прамоўцам, што яны замала ўвагі зьвяртаюць на нацыю. Левая Палута Бадунова тут жа абвясьціла, што «ўперад сацыялізм, а пасьля нацыя».

Пад белым сьцягам з чырвонай стужкай...

На першай сэсіі Цэнтральнай рады 6 жніўня быў прыняты Статут беларускіх нацыянальных культурна-прасьветных гурткоў у войску. Гэта быў адзін зь першых дакумэнтаў, у якім экспліцытна згадваецца беларуская нацыянальная сымболіка.

У пункце 19 Статуту напісана: «Кожны член беларускай грамады ў войску павінен насіць беларускі нацыянальны знак: белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзіне; усе тры палоскі — белая, чырвоная і белая — аднэй шырыні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG