«Улады баяліся дзьвюх рэчаў: першай — што ня будзе ніякай яўкі наагул, другой — што пры адсутнасьці парогу яўкі актыўныя кандыдаты зь непраўладных сьпісаў маглі прайсьці ў дэпутаты». Такое тлумачэньне рэкордных вынікаў датэрміновага галасаваньня выказаў у размове са Свабодай былы народны дэпутат СССР і дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі.
На ягоную думку, калі б улады не прыкладалі намаганьняў, каб загнаць выбарнікаў да скрыняў, і не фальсыфікавалі вынікі галасаваньня, то рэальна на выбары прыйшло б 10–12%. Пры такім раскладзе мог лёгка перамагчы любы кандыдат, які добра працаваў у перадвыбарную кампанію і загітаваў людзей прагаласаваць за яго.
У Беларусі праходзяць «мясцовыя» выбары. Усё самае важнае
«А гэта рэальная пагроза для праўладных кандыдатаў. Вось адкуль такія неймаверныя прыпіскі. Улады ператвараюць выбары з фарсу ў камэдыю», — кажа Дабравольскі.
Паводле ЦВК, на сёлетніх мясцовых выбарах 34,95% выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова.