У час сустрэчы з працаўнікамі дрожджавага камбінату ў Слуцку 16 лютага Аляксандар Лукашэнка патлумачыў, чаму днём раней звольніў двух міністраў, піша БЕЛТА.
«Я не камэнтую свае рашэньні, але магу растлумачыць іх, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Вы мае выбарцы, і я абавязаны вам тлумачыць. Думаю, для вас няма нічога новага ад Лукашэнкі: зь першых прэзыдэнцкіх выбараў я выразна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць ня можа».
Лукашэнка дадаў, што летась нібыта папярэджваў міністраў, што калі на іхных прадпрыемствах выявяць карупцыю, то ён здыме іх з пасадаў.
15 лютага Лукашэнка звольніў міністра спорту і турызму і міністра лясной гаспадаркі (мабыць, упершыню ў гісторыі Беларусі звальненьне было з фармулёўкай «за непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй»). Першага «адкамандзіраваў» на неназваную пасаду ў Міністэрства надзвычайных сытуацый, другога проста зьняў з пасады. На наступны дзень пасьля звальненьняў КДБ абвясьціў пра выяўленьне хабару ў лясгасах і Палацы спорту.
«Ад мяне літасьці не чакайце, — рэзюмаваў Лукашэнка. — Не таму, што я крыважэрны, а таму, што карупцыя губіць усё».
Лукашэнка кажа пра барацьбу з карупцыяй амаль чвэрць стагодзьдзя. Вынікі не найлепшыя
Яшчэ да абраньня прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка займаўся карупцыйнымі пытаньнямі. У канцы сьнежня 1993 году ён, тады дэпутат Вярхоўнага Савету і старшыня антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі, зачытаў адмысловы даклад, які ў выніку прывёў да адстаўкі сьпікера Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча (таго абвінавацілі ў прысабечваньні скрыні цьвікоў).
Праз год Лукашэнка ўжо на пасадзе прэзыдэнта плакаў, як сьцьвярджала тагачасная прэса (гл. фота ўверсе), пасьля зачытваньня новага антыкарупцыйнага дакладу дэпутата БНФ Сяргея Антончыка, дзе ўжо абвінавачвалі ў карупцыі ягонае атачэньне. Але даклад у выніку забаранілі публікаваць у дзяржаўных СМІ, газэты выйшлі зь белымі палосамі.
Ці дае станоўчыя вынікі барацьба з карупцыяй у краіне?
За час прэзыдэнцтва Лукашэнкі было нямала гучных затрыманьняў, зьвязаных з карупцыяй, але Беларусь па-ранейшаму застаецца карумпаванай краінай. Рада Эўропы называла нездавальняльнымі цяперашнія высілкі беларускіх уладаў у барацьбе з карупцыяй.
Так, у рэйтынгу ўспрыманьня карупцыі Беларусь займала на 2017 год 79-е месца са 176 краінаў сьвету з такой жа колькасьцю балаў, як Бразылія (дзе праз карупцыйныя скандалы адбыўся ўжо другі імпічмэнт) і Кітай (дзе карупцыянэрам пагражае сьмяротнае пакараньне). У рэйтынгу вяршэнства права Беларусь заняла 65 месца са 113, у тым ліку праз карупцыю. Больш высокую — 38-ю — пазыцыю краіна займае ў рэйтынгу Doing Business, які ня ўлічвае карупцыі.