Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякаў, якія жывуць за мяжой, просяць паведамляць пра антыпольскія заявы


На сайтах амбасадаў Польшчы зьявіўся ліст з заклікамі прымаць меры па аднаўленьні гістарычнай праўды і абароне добрага імя палякаў.

Палякаў, якія жывуць за мяжой, просяць паведамляць уладам у Варшаве пра меркаваныя антыпольскія выказваньні. Адпаведны ліст кіраўніка Сэнату Станіслава Карчэўскага быў апублікаваны на сайтах шэрагу дыпляматычных прадстаўніцтваў Польшчы. У прыватнасьці, на сайце амбасады Польшчы ў Менску ліст зьявіўся 9 лютага, гэтак жа як і на сайце амбасады ў Буэнас-Айрэсе; разьмешчаны на першай старонцы сайту польскай амбасады ў Парыжы дакумэнт датаваны 12 лютага. На старонках прадстаўніцтваў у Расеі, Украіне і Нямеччыне раніцай 15 лютага ліст знайсці не ўдалося, паведамляе DW.

Карчэўскі зьвяртаецца ў лісьце да польскай дыяспары і палякаў за мяжой. Спасылаючыся на закон аб інстытуце нацыянальнай памяці (так званы «закон пра Галакост»), ён заклікае «распачаць усе дзеяньні, неабходныя для аднаўленьня гістарычнай праўды і абароны добрага імя Польшчы і палякаў». «Я прашу дакумэнтаваць антыпольскія выказваньні, несправядлівыя фармулёўкі і меркаваньні і адказваць на іх. Прашу апавяшчаць нашы амбасады, консульствы і ганаровых консулаў пра паклёп, які зьнеслаўляе добрае імя Польшчы», — гаворыцца ў лісьце, датаваным 7 лютага.

«Эфэктыўны інструмэнт у барацьбе за добрае імя Польшчы»

Таксама кіраўнік польскага Сэнату заклікаў «выкарыстоўваць добрае і доўгатэрміновае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі нацыянальных органаў улады, органаў самакіраваньня, грамадзкіх арганізацыяў» для прасоўваньня інфармацыі аб Польшчы і паляках. «Я лічу, што вашы дзеяньні стануць эфэктыўным інструмэнтам у барацьбе за добрае імя Польшчы і палякаў», — гаворыцца ў дакумэнце.

Пры гэтым Карчэўскі ўказвае на тое, што многія гады палякі сутыкаліся з «супрацьпраўнай, несправядлівай і, перш за ўсё, ілжывай фразай «польскія лягеры сьмерці» і абвінавачваньнямі палякаў у саўдзеле ў Галакосьце. Паводле яго, гэты факт «абражае годнасьць і нацыянальны гонар» палякаў.

Штраф або турма

Адначасова ён цытуе «закон пра Галакост», прыняты ў пачатку лютага: «Той, хто публічна і насуперак фактам прыпісвае польскай дзяржаве (...) адказнасьць за нацысцкія злачынствы, учыненыя Трэцім рэйхам, (...) падлягае пакараньню ў выглядзе штрафу або турэмнага зьняволеньня тэрмінам да трох гадоў».

Паводле дадзеных нямецкага тэлеканала NDR, трохстаронкавы ліст у Нямеччыне ўжо быў распаўсюджаны праз генконсульства Польшчы ў Мюнхэне сярод палякаў, якія жывуць на поўдні ФРГ. У адказ на запыт NDR амбасадар Польшчы ў Бэрліне Анджэй Пжылебскі заявіў, што «гаворка ідзе пра звычайныя абавязкі дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG