Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гаворка не пра сэксуальны падтэкст». Акторкі Горадзенскага драмтэатру разьдзеліся для календара


Горадзенскі драматычны тэатар выпусьціў каляндар на 2018 год з фатаграфіямі аголеных актрыс. Аўтар сьцьвярджае, што ў календары з назвай «Прыадкрываючы заслону» хацеў адысьці ад эратычнасьці.

На фота дванаццаць акторак драматычнага тэатру без адзеньня, якія сядзяць у паўразвароце сьпінаю. Падпісаныя іх імёны і прозьвішчы.

Ідэя календара і яе выкананьне належала фатографу Руслана Хілімончыка. Ён патлумачыў, што хацеў паказаць актрыс у несцэнічным ракурсе:

«Часта іх успрымаюць праз ролі і вобразы, забываючыся, што яны ў першую чаргу жанчыны. Такі незвычайны падыход гаворыць, наколькі яны прыгожыя стварэньні, прыадкрываючы тое, што схавана, на мяжы інтымнасьці, таямнічасьці. Дзе кожная зьяўляецца кімсьці. Гэта інтымны партрэт».

Паводле фатографа, ён рабіў гэты праект не для правакацыі ці каб дагадзіць камусьці. Ён падкрэсьліў розьніцу паміж сэксуальнасьцю і жаноцкасьцю, кажучы, што выбраў апошняе.

«Я хацеў адысьці ад эратычнасьці. Гэта дастаткова стрыманы каляндар, які не пераступае мяжу. Гаворка не пра сэксуальны падтэкст, а пра прыгажосьць, жаноцкасьць, цнатлівы погляд. Задача мастака — знайсьці тую форму, дзе зьнікае пошласьць і зьяўляецца прыгажосьць. Інакш ня будзе пачуцьцёвасьці, а будзе кубізм».

Усе ўдзельніцы, паводле аўтара, паставіліся да ідэі зь цікавасьцю і ўвагай і пагадзіліся на здымкі.

Праца над праектам заняла некалькі месяцаў.

Як паведаміў намесьнік дырэктара Гродзенскага абласнога драматычнага тэатру Дзьмітры Чылік, каляндар выйшаў невялікім накладам у некалькі дзясяткаў асобнікаў. Ён прызначаны для падарункаў сябрам, партнэрам тэатру. Набыць яго нельга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG