Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі зладзілі сэлфі-сэсію побач з домам консула БНР у Празе


Дзяўчаты з праекту BLRČR падтрымалі маратон «Сэлфі незалежнасьці», які стартаваў на пачатку лютага ў Менску.

Праскія беларускі сфатаграфаваліся на фоне дому на вуліцы Вэнцыгава 4 (Wenzigova).

​У гэтым доме жыў беларускі дзеяч Мікалай Вяршынін, дзякуючы якому Прага пераўтварылася ў цэнтар беларускай эміграцыі. У 1918 годзе Мікалай Вяршынін быў прызначаны консулам БНР, а яго кватэра стала афіцыйным месцам знаходжаньня місіі БНР у Празе.

«Мікалай Вяршынін дамогся выдзяленьня стыпэндый для беларусаў, і ва ўнівэрсытэцкіх дакумэнтах некаторых студэнтаў менавіта гэты дом быў пазначаны як месца іх жыхарства», — пішуць удзельніцы сэлфі-сэсіі.

На Вэнцыгавай 4 у 1919 годзе была зарэгістраваная адна зь першых беларускіх арганізацыяў у Чэхаславаччыне — «Беларуская грамада ў Празе». У 1923 годзе ў Прагу пераехала Рада БНР. Зарэгістраваная чэскімі ўладамі пад назвай «Беларуская рада ў Празе», яна месьцілася менавіта па гэтым адрасе, як рэдакцыя часопіса «Беларускі студэнт».

«Невялічкая двухпакаёвая кватэра Мікалая Вяршыніна была сапраўдным цэнтрам беларускага жыцьця ў Празе», — пішуць дзяўчаты з BLRČR.

Яны прапануюць беларусам Чэхіі зрабіць сэлфі на фоне праскага дома па адрасе Вэнцыгавай 4 і выкласьці фота ў сацыяльныя сеткі з хаштэгамі #сэлфінезалежнасьці #БНР100 #рэспубліка100 #25сакавіка #беларусыЧэхіі #BLRČR.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG