Як паведамляе прэсавая служба МАК, чальцы камісіі правялі паседжаньне, каб абмеркаваць запыт. Прычынай адмоўнага вэрдыкту стала тое, што CAS не апублікаваў матывавальнай часткі свайго рашэньня, а МАК палічыў свае папярэднія высновы дастатковымі для адмовы.
«Чальцы камісіі адзначылі наяўнасьць дадатковых элемэнтаў і доказаў, якія камісія МАК пад кіраўніцтвам Дэніса Освальда не магла разгледзець, паколькі ня мела доступу да дадзеных допінг-пробаў. Інфармацыя уключала дадзеныя сыстэмы Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, сьляды забароненых рэчываў, доказ маніпуляцый профілямі і канфыдэнцыйныя зьвесткі ад Сусьветнага антыдопінгавага агенцтва. Камісія таксама пагадзілася, што рашэнне CAS не зьняло падазрэньняў ў допінгу, а таму пералічаныя спартоўцы ня могуць лічыцца чыстымі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Раней дысцыплінарная камісія МАК пад кіраўніцтвам Дэніса Освальда пажыццёва адхіліла 43 удзельнікаў Алімпіяды-2014 і анулявала іх вынікі на падставе дакладу незалежнага сьледчага ВАДА Рычарда Макларэна з улікам зьвестак экс-кіраўніка Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі Рыгора Родчанкава.
1 лютага CAS задаволіў апэляцыі 28 расейскіх спартоўцаў. Зь іх была знятая пажыцьцёвая дыскваліфікацыя на ўдзел у Алімпійскіх гульнях, а таксама прызнаныя вынікі Алімпіяды-2014 у Сочы. Апэляцыі яшчэ 11 атлетаў адхіленыя, але пры гэтым зьнятая пажыцьцёвая забарона на ўдзел у Гульнях пасьля Алімпіяды-2018.