Расейскі пілёт зьбітага штурмавіка Су-25, верагодна, адстрэльваўся і быў забіты пасьля прызямленьня на парашуце.
Незалежная група Conflict Intelligence Team (CIT) знайшла фатаграфіі дакумэнтаў і асабістай зброі, якія былі знойдзеныя ў забітага пілёта. У телеграм-канале CIT паведамляецца, што «мяркуючы з адстраляных абоймаў да АПС, можна меркаваць, што пілёт адстрэльваўся і быў забіты ўжо на зямлі».
Раней Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што лётнік катапультаваўся і «быў забіты ў баі з тэрарыстамі».
Крыніца «Новай газэты» ў Міністэрстве абароны паведаміла, што забіты — маёр Раман Філіпаў, былы ўкраінскі лётнік зь Сімфэропалю. У тэлеграм-канале «Наблюдатель» апублікаваны ліст, які нібыта быў знойдзена ў вопратцы пілёта.
Расейскі штурмавы самалёт Су-25 быў зьбіты ў суботу ў сырыйскай правінцыі Ідліб, пілёт катапультаваўся.
Першыя паведамленьні пра гэта паступілі ад дасьледчай групы CIT і супрацоўнікаў Сырыйскага цэнтру маніторынгу парушэньня правоў чалавека.
Неўзабаве інфармацыю афіцыйна пацьвердзіла Міністэрства абароны Расеі. Прадстаўнік вайсковага ведамства заявіў, што, паводле папярэдніх дадзеных, самалёт быў зьбіты з пераноснага зэнітна-ракетнага комплексу (ПЗРК).