100-годзьдзе абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі ня стане агульнанацыянальным сьвятам, але тыя, хто хоча, павінны мець права яго адзначаць. Пра гэта заявіў БелаПАН першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.
«Падзеі Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, Усебеларускага сходу і абвяшчэньня БНР непарыўна паміж сабой зьвязаныя. Выдзяляць нейкую падзею без сувязі зь іншымі нельга», — сказаў ён.
На думку Гайдукевіча, менскія ўлады павінны дазволіць апазыцыі правесьці акцыю 25 сакавіка.
«Калі камуністам дазваляюць ускладаць кветкі 7 лістапада на плошчы Незалежнасьці, хтосьці таксама павінен сьвяткаваць 25 сакавіка. Самае галоўнае — не падзяляць людзей. — заявіў ён.
Старшыня ЛДП аднак дадаў, што яго партыя не зьбіраецца прымаць удзел у гэтых сьвятах, паколькі, паводле яго, «трэба глядзець не ў мінулае, а ў будучыню»
Заяўка на правядзеньне вулічнай акцыі была пададзеная ў Менгарвыканкам 25 студзеня. Актывісты апазыцыі просяць гарадзкія ўлады дазволіць на 25 сакавіка не толькі традыцыйную дэманстрацыю і мітынг, але і канцэрт у цэнтры горада.