Каардынатар руху «За свабоду» па Берасьцейшчыне Дзяніс Турчаняк, які балятуецца ў дэпутаты Берасьцейскага гарсавету, недалічыўся 47 тысяч выбарнікаў у абласным цэнтры. Апроч таго, ён выявіў некалькі дзясяткаў парушэньняў пры фармаваньні выбарчых акругаў і ўчасткаў для галасаваньня.
Як кажа Дзяніс Турчаняк, агульная колькасьць выбарнікаў у 40 утвораных акругах, згодна з афіцыйнай інфармацыяй, склала 223 546 чалавек. Спадар Турчаняк зьвярнуўся ў Галоўнае статыстычнае ўпраўленьне Берасьцейскай вобласьці, дзе яму паведамілі, што на 1 студзеня 2017 году ў горадзе пражывала 343 985 чалавек, у тым ліку 64 058 у веку да 16 гадоў.
Правёўшы далейшыя разьлікі, Турчаняк прыйшоў да высновы, што на 1 студзеня 2017 году ў Берасьці павінна быць 271 387 выбарнікаў. Гэта больш як на 47 тысяч перавышае лічбу, якая фігуруе ў рашэньнях Берасьцейскага гарвыканкаму і гарадзкой выбарчай камісіі.
Апроч таго, кандыдат заявіў пра парушэньні пры фармаваньні акругаў і ўчасткаў для галасаваньня — некаторыя дамы траплялі адразу ў некалькі выбарчых участкаў, трапілі ў акругі нежылыя дамы і тыя, якія ўжо не існуюць.
Кандыдат у дэпутаты склаў адпаведныя скаргі ў гарвыканкам і абласную выбарчую камісію, каб разабраліся з гэтымі пытаньнямі.
У выніку на паседжаньнях Берасьцейскай абласной і гарадзкой выбарчай камісій прызналі, што з фармаваньнем акругаў былі недакладнасьці, і ўнесьлі зьмены ў ранейшыя рашэньні. Аднак зьменаў, якія б тычыліся колькасьці выбарнікаў у Берасьці, не было.
«На маю думку, Берасьцейскі гарвыканкам наўмысна не падае рэальную колькасьць выбарнікаў і заніжае яе амаль на 20%, каб не было бачна нізкай яўкі ў выніку нізкай цікаўнасьці да выбараў.
Выдатны прыклад — мая акруга № 17, у якой гарвыканкам налічыў 5616 выбарнікаў. Аднак пасьля таго, як па маёй скарзе былі ўнесеныя зьмены ў рашэньне аб фармаваньні акругаў і ў маю акругу дадаліся два дамы, колькасьць выбарнікаў не павялічылася, а засталася тая самая!
На мой запыт прадставіць зьвесткі аб колькасьці выбарнікаў у кожным доме на тэрыторыі акругі гарвыканкам адмовіў», — кажа Дзяніс Турчаняк.
Кандыдат у дэпутаты плянуе абскарджваць гэтую адмову ў судзе і дабівацца высьвятленьня дакладнай колькасьці выбарнікаў у Берасьці.