Пра гэта на сайце sharecare. com пішуць дактары мэдыцыны Майкл Ройзэн і Мэхмэт Оз.
Сёньня мы збольшага ведаем, што штучныя замяняльнікі цукру, якія ўтрымліваюцца ў газаваных напоях, цукерках, ёгуртах і многіх пякарскіх слодычах, павялічваюць памер нашай таліі і робяць наш рэальны біялягічны ўзрост большым.
Але нядаўна мэдычная навука атрымала зьвесткі, якія дапамаглі больш поўна зразумець мэханізм гэтых працэсаў.
Як гэта працуе
Паводле дадзеных аўстралійскіх дасьледчыкаў з Унівэрсытэту Сыднэю, у мозгу ёсьць складаная нэйронная сетка, якая ацэньвае балянс паміж салодкасьцю і калярыйнасьцю спажыванай ежы. Калі балянс дрэнны (занадта шмат штучнай салодкасьці і недастаткова калёрый) мозг інструктуе цела, каб яно запатрабавала калёрыяў яшчэ.
Такая фізіялягічная схема прыводзіць да пераяданьня і павелічэньня вагі.
Таксама навукоўцы высьветлілі, што штучныя замяняльнікі цукру выклікаюць гіпэрактыўнасьць, бессань і зьніжэньне якасьці сну.
Гэта, вядома, не азначае, што салодкае нельга есьці. Але штучных замяняльнікаў цукру лепш пазьбягаць.
Чым замяніць замяняльнікі
А яшчэ лепш, як пішуць дактары Ройзэн і Оз, замяняць цукеркі і нават ня надта салодкі чорны шакаляд салодкай гароднінай і садавіной — іх можна есьці і два, і тры, і нават чатыры разы на дзень.
Салодкі перац або смажаная морква, як і іншыя падобныя прадукты, забясьпечаць вас дадатковай колькасьцю расьлінных валокнаў.
Гэта справа разумнага выбару і вашай рашучасьці весьці здаровы лад жыцьця. А звыкнуцца да такога ладу жыцьця ня цяжка. Ад яго можна атрымліваць нават задавальненьне.