У цэнтры Кіева прайшло шэсьце памяці Міхася Жызьнеўскага. Украінцы і беларусы з нацыянальнымі сьцягамі, а таксама сьцягамі УНСО ды іншых украінскіх нацыяналістычных арганізацыяў прайшлі ад Міхайлаўскай плошчы да Нацыянальнай опэры, а потым па Храшчаціку да помніка Міхасю Жызьнеўскаму.
Каля помніка выступілі сябры Героя Украіны, у тым ліку беларус Васіль Парфянкоў. Ён заклікаў прыехаць на паседжаньне гарсавету Белай Царквы ў кіеўскай вобласьці каб падтрымаць ідэю назову вуліцы ў гонар Жызьнеўскага.
Сьмерць Міхася Жызьнеўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 году падчас Рэвалюцыі годнасьці (Эўрамайдану) была адной зь першых у супрацьстаяньні зь сілавікамі, ляяльнымі былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу. Жызьнеўскага застрэлілі на барыкадах на вуліцы Грушэўскага. Куля снайпэра прабіла драўляны шчыт і трапіла Міхасю ў сэрца.