Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у сьнежні 2017 году склаў 995 рублёў і 30 капеек, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.
Гэта самы высокі сярэдні заробак за мінулы год. Калі ж параўноўваць са сьнежнем 2016-га, то сярэдні заробак вырас больш як на 193 рублі. А рэальныя даходы за год павялічыліся на 18,4%.
Найбольшы заробак атрымалі жыхары Менску (1360,4 рубля) і Менскай вобласьці (967,1 рубля).
Паводле курсу на момант публікацыі, сьнежаньскі сярэдні заробак вышэйшы за 500 даляраў. Але курс даляра ў сьнежні быў вышэйшы: калі дзяліць сьнежаньскі сярэдні заробак на сярэдні курс даляра ў сьнежні паводле Нацбанку, выходзіць менш за «па пяцьсот»: 494 даляра і няпоўных 12 цэнтаў.
Намінальны налічаны сярэдні заробак па месяцах склаў:
- сьнежань — 995,3 рубля,
- лістапад — 836,9,
- кастрычнік — 841,
- верасень — 831,3,
- жнівень — 844,4,
- ліпень — 827,5,
- чэрвень — 819,3,
- травень — 795,2,
- красавік — 776,7,
- сакавік — 770,6,
- люты — 716,5,
- студзень — 720,7.
Намінальны налічаны сярэдні заробак у 2017 годзе склаў 812,2 рубля, што, паводле Белстату, на 6,2% болей за паказчык 2016 году.
Калі чакаць «па пяцьсот»
Лукашэнка ўжо больш за 10 год абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў, у жніўні даручыў да канца 2017 году давесьці сярэдні заробак да лічбы 1000 рублёў , а цягам 2018-га — да 1500 рублёў. Пакуль такіх заробкаў удалося дасягнуць для чыноўнікаў. Міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі ў кастрычніку тлумачыў, што выканаць апошняе распараджэньне Лукашэнкі пра «па пяцьсот» да канца 2017 году атрымаецца «не для ўсіх».
У лістападзе на эканамічнай нарадзе па ацэнцы вынікаў 2017 году і праектах прагнозаў і бюджэту на 2018 год Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 2018 год будзе годам пераадоленьня «адставаньня, дапушчанага ў 2016 годзе». Ён сказаў, што на пачатку 2018 году заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».
Падвышаць сярэдні заробак ён пастанавіў за кошт тых, хто мае заробкі ніжэйшыя за сярэднія. За гэта, сказаў ён ураду, кіраўніцтву Нацбанку і чыноўнікам, «галавой адказваеце».