Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітаньне зь Міхалам Анемпадыставым адбудзецца 25 студзеня


Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.
Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.

Разьвітаньне зь беларускім дызайнэрам, графікам, фатографам, паэтам і перакладчыкам, аўтарам «Народнага альбома» Міхалам Анемпадыставым, які заўчасна памёр ва ўзросьце 53 год, адбудзецца 25 студзеня ў Менску. Пра гэта паведаміў музычны журналіст Сяргей Будкін, які трымае сувязь са сваякамі Анемпадыстава. ​

Разьвітаньне і грамадзянская паніхіда пройдуць у чацьвер, 25 студзеня, у менскай прасторы «ОК-16» (вуліца Кастрычніцкая, 16) з 11.00 да 14.00.

Крэмацыя адбудзецца на Паўночных могілках у 15.30. Пахаваюць Міхала на Чыжоўскіх могілках.

Ахвочыя могуць дапамагчы сям'і ў зборы грошай на пахаваньне і будучы помнік.

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску. Дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага ПЭН-клюбу. Вучыўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.

Ягоныя вершы сталі песьнямі N.R.M., «Новага Неба», Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48 і іншых, ён быў аўтарам славутага «Народнага альбома» (прызнанага «Альбомам году» на «Рок-каранацыі-1997»), перакладаў польскія рок-гіты для беларускіх сьпевакоў. «Чалавек году-2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў». У 2013 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы». Таксама Анемпадыстаў ствараў вокладкі для музычных альбомаў. Вёў на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі» (для якой таксама стварыў лягатып) калёнку «Простыя рэчы», дасьледаваў прыроду беларускага колеру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG