Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд зноў канфіскаваў у тэлеканалу «Белсат» частку тэхнікі


Затрыманьне Аляксандра Любенчука пасьля ператрусу ў офісе "Белсату" 31 сакавіка мінулага году
Затрыманьне Аляксандра Любенчука пасьля ператрусу ў офісе "Белсату" 31 сакавіка мінулага году

Суд Першамайскага раёну Менску пастанавіў канфіскаваць частку тэхнікі тэлеканалу «Белсат», забраную ў ягоным менскім офісе падчас ператрусу вясной 2017 году.

Акрамя гэтага, суд аштрафаваў на 980 рублёў тэлеапэратара Аляксандра Любенчука, якога абвінавацілі ў парушэньні аўтарскіх правоў на таварны знак. Такое рашэньне прыняла судзьдзя Анастасія Папко, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Думаю, што ўсім зразумела: гэта справа не аб аўтарскіх правах або таварным знаку, а аб свабодзе слова і цэнзуры», — пракамэнтаваў пастанову суда Аляксандар Любянчук.

У тэлеканалу «Белсат» канфіскоўваюцца 2 сыстэмныя блёкі, 2 дыскавыя накапляльнікі, 2 маніторы, ноўтбук і відэакамэра, якія суд прызнаў прадметамі адміністрацыйнага правапарушэньня.

Гэта ўжо другая канфіскацыя тэхнікі тэлеканалу. 10 кастрычніка мінулага году суд Першамайскага раёну аштрафаваў апэратара Аляксандра Баразенку, які супрацоўнічае зь «Белсатам», на 920 рублёў, прызнаўшы яго вінаватым па арт. 9.21 КаАП (парушэньне аўтарскіх, сумежных і патэнтных правоў). Ягоную тэхніку таксама канфіскавалі.

31 траўня 2017 году ў двух менскіх офісах «Белсату» міліцыя з санкцыі пракуратуры правяла ператрусы, была канфіскаваная аўдыё- і відэатэхніка, а таксама кампутарнае абсталяваньне.

Як паведамілі ў ГУУС Менгарвыканкаму, «на пачатку сакавіка 2017 году ў Першамайскае РУУС Менску паступіла заява ад праваўладальніка таварнага знаку BELSAT (зарэгістраваны грамадзянінам Рэспублікі Беларусь у 2001 годзе) аб сыстэматычным парушэньні яго выключных правоў на аб’ект інтэлектуальнай уласнасьці».

Паводле менскай міліцыі, 4 верасьня 2014 году судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду Беларусі прыняла рашэньне аб забароне выкарыстаньня таварнага знаку BELSAT на тэрыторыі Беларусі без адпаведнай згоды праваўладальніка.

69 штрафаў журналістам за 2017 год. БАЖ: «Якая ж гэта лібэралізацыя?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG