Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ выдзяліў 5 мільёнаў эўра на супольныя турыстычныя праекты Беларусі, Украіны і Польшчы


Рака Заходні Буг, ілюстрацыйнае фота
Рака Заходні Буг, ілюстрацыйнае фота

Эўразьвяз у межах праграмы эўрапейскага інструмэнту суседзтва дае 5,55 мільёна эўра на ажыцьцяўленьне трох памежных беларуска-ўкраінска-польскіх турыстычных праектаў.

Фінансаваньне будзе ажыцьцяўляцца праз праграму трансьмежнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2014–2020».

У прыватнасьці, плянуецца, што на стварэньне двух трансьмежных байдарачных маршрутаў «Нас аб’ядноўвае Буг» будзе выдаткавана 1,28 мільёна эўра. Галоўным бэнэфіцыярам гэтага праекту вызначана польская гміна Драгічын у партнэрстве з Сакольскай раённай радай Львоўскай вобласьці і з аддзелам адукацыі, спорту і турызму выканкаму беларускага гораду Драгічына. Плянуецца, што байдарачныя маршруты створаць на рацэ Заходні Буг, а іх даўжыня дасягне 800 кілямэтраў. Маршруты маюць быць прамаркіраваныя і абсталяваныя неабходнай турыстычнай інфраструктурай.

На супольны беларуска-польскі праект «Шляхам Тызэнгаўза» будзе выдаткавана 1,92 мільёна эўра. Праект прадугледжвае рэканструкцыю двух гістарычных будынкаў у польскай Саколцы і беларускай Горадні. Галоўным бэнэфіцыярам вызначана польская гміна Саколка ў партнэрстве з Горадзенскім выканкамам і мясцовым аддзяленьнем грамадзкай арганізацыі «Нацыянальная турыстычна-спартовая асацыяцыя». Праектам прадугледжана распрацоўка і маркіраваньне трансьмежных турыстычных маршрутаў «Tyzenhauz Trail» Саколка — Горадня, а таксама польска-беларускай стратэгіі разьвіцьця трансьмежнага турызму.

Яшчэ 2,35 мільёна эўра выдаткоўваецца на стварэньне транспамежных цэнтраў дыялёгу культур «Польшча — Беларусь — Украіна». Іх мэта — прасоўваньне культурнай і этнічнай разнастайнасьці трох рэгіёнаў — польскага Шчучына, украінскага Ковеля і беларускага Шчучына. Мэта праекту — арганізацыя рэклямных мерапрыемстваў дзеля разьвіцьця культуры памежжа ды распрацоўка стратэгіі разьвіцьця турызму ў памежных абласьцях Польшчы, Беларусі ды Ўкраіны.

Праграма трансьмежнага супрацоўніцтва «Польшча — Беларусь — Украіна 2014–2020» зацьверджаная ў 2013 годзе. Агульная плошча тэрыторый, ахопленых гэтай праграмай, складае 316,3 тысячы кілямэтраў у трох краінах, у тым ліку 138,5 тысячы кілямэтраў беларускай тэрыторыі. Працягласьць мяжы паміж Польшчай і Беларусьсю складае 418 кілямэтраў, паміж Польшчай і Ўкраінай — 535 кілямэтраў, паміж Беларусьсю і Ўкраінай — 1084 кілямэтры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG