Нарвэскі суд неўзабаве аб’явіць вырак шасьцярым беларусам, якія ў мінулым кастрычніку паспрабавалі перавезьці праз расейска-нарвэскую мяжу (Мурманск — Стурскуг) 80 тысяч 780 штук кантрабандных цыгарэт.
Прозьвішчы падсудных у СМІ не называюцца.
Тавар быў схаваны ў паражніне пад падлогай знарок пераробленай для гэтых мэтаў машыны. Неаплачанае мыта за тавар, паводле падлікаў стуркугскіх мытнікаў, складае 26 тысяч эўра.
Адразу пасьля затрыманьня на мяжы кантрабандысты былі ўзятыя пад варту ў турме Вадсё, паколькі паліцыя не выключала, што беларусы паспрабуюць уцячы з краіны. Ужо адбылося шаснаццаць судовых паседжаньняў.
Паводле сьледзтва, пакуль толькі кіроўца пайшоў на супрацоўніцтва і прызнаў, што наўмысна для гэтай паездкі перарабіў пазычаны ў сястры аўтамабіль, таксама ён пацьвердзіў, што яму належыць частка партыі кантрабандных цыгарэтаў. Астатнія пяцёра робяць выгляд, што нічога ня ведалі пра схованку ў машыне і сьцьвярджаюць, што ехалі ў Нарвэгію на рыбалку. Нягледзячы на тое, што ў аўтамабілі былі знойдзеныя рыбалавецкія прылады, абвінавачваньне ня мае даверу да гэтых паказаньняў. Падчас перакрыжаваных допытаў арыштаваныя блыталіся ў паказаньнях.
Паліцыя таксама выявіла, што адзін зь беларусаў меў кантакт з нарвэскімі кантрабандыстамі. У выніку ператрусу жытла нарвэжца было знойдзена 300 літраў алькагольных напояў і вялікая колькасьць пакункаў з замежнымі таблеткамі.
Паводле папярэдніх дадзеных, усе шасьцёра выглядаюць аднолькава вінаватымі. Беларус, які супрацоўнічаў са сьледзтвам, рашэньнем суду атрымае чатыры выходныя ад арышту, а потым ізноў вернецца за краты, дзе адбудзе да заключнага дня працэсу.
Звычайна ў такіх выпадках абвінавачаныя або выплочваюць прызначаныя ім штрафы, або іх накіроўваюць у турму і пасьля адбыцьця пакараньня дэпартуюць на радзіму. Сярэднія турэмныя тэрміны ў краіне невялікія — ад некалькіх месяцаў да году зь нечым.
Беларусь лічыцца адной зь лідэраў так званай «белай кантрабанды», якая складае 35,4% усяго незаконнага бізнэсу тытунёвых вырабаў на рынкі эўрапейскіх краінаў.