На сувязі ў Кіеве — гісторык, аглядальнік украінскай службы Радыё Свабода Дмітро Шурхала.
— Гісторыя прыняцьця чатырох унівэрсалаў (дакумэнтаў), якія ўхваліла Ўкраінская Цэнтральная Рада, зь люстраной дакладнасьцю выяўляе эвалюцыю грамадзка-палітычнага жыцьця, пачынаючы з рэвалюцыйнага часу канца лютага 1917 года. Першы ўнівэрсал Украінскай Цэнтральнай Рады — тое была, так бы мовіць, дэклярацыя пра намеры, што мы, украінцы, хочам у межах Расейскай дзяржавы мець сваю аўтаномію, хочам, каб расейская дзяржава забясьпечыла нашыя нацыянальныя інтарэсы. У Петраградзе тагачасны ўрад вельмі нэгатыўна ўспрыняў нават такое жаданьне, але з пэўных прычынаў Часовы ўрад пагадзіўся, што Ўкраіна атрымае аўтаномію. Другі ўнівэрсал — спроба кампрамісу паміж Кіевам і Петраградам, тады быў утвораны Генэральны сакратарыят, своеасаблівы мясцовы ўрад, і ён быў прызнаны Петраградам як прадстаўніцтва Ўкраіны, як выканаўчая ўлада, якая ў пэўных сфэрах мела свае паўнамоцтвы.
Трэці ўнівэрсал быў абвешчаны ў лістападзе 1917 году і гэты дакумэнт (ён быў прыняты пасьля прыходу да ўлады бальшавікоў на чале з Леніным) абвясьціў Украінскую Народную Рэспубліку. Але ёсьць нюанс: абвяшчаючы УНР, стваральнікі дакумэнту дэкляравалі, што яны разам з Расеяй і іншымі народамі будуць перабудоўваць расейскую дзяржаву на фэдэратыўных падставах. У прынцыпе, тое былі не пустыя словы, бо тады ў Кіеў прыяжджала шмат расейскіх эмісараў, прадстаўнікоў іншых народаў, якія жылі на тэрыторыі колішняй Расейскай імпэрыі. Праз два месяцы, у студзені 1918, шмат што зьмянілася. Пачаўся збройны канфлікт паміж петраградзкім і ўкраінскім урадамі, у Харкаве быў створаны альтэрнатыўны савецкі Харкаўскі ўрад з чырвоным казацтвам. Канфлікт распаляўся не найлепшым чынам для УНР. Сяляне не хацелі ваяваць, хацелі вярнуцца дадому і пачаць падзел зямлі. Два чыньнікі паўплывалі на рашэньне ўкраінскай улады адмовіцца ад ідэі фэдэралізму. Па-першае, канфлікт з бальшавікамі, па-другое, перамовы ў Берасьці, куды была накіраваная ўкраінская дэлегацыя, і патрабавалася абвясьціць незалежнасьць дэ-юрэ. І гэты фактар перамоваў у Берасьці ў значнай ступені стымуляваў тое, што Малая Рада абвясьціла незалежнасьць Украіны.
— Выглядае, што абвяшчэньне незалежнасьці і УНР і БНР, пры ўсіх адрозьненьнях, маюць агульнае: гэта адбывалася ў некалькі этапаў. Затое сёньня мы бачым істотную розьніцу ў стаўленьні кіраўніцтваў краінаў да гісторыі: у Беларусі абвяшчэньне незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 году не адзначаецца на афіцыйным ўзроўні ніяк (калі не лічыць традыцыйных рэпрэсій у дачыненьні да ўдзельнікаў масавых акцый, якія ладзіць апазыцыя). Ва Ўкраіне гэта — сьвята.
— Увогуле, на 22 студзеня ва Ўкраіне прыпадае дзьве важныя даты. Найперш — абвяшчэньне незалежнасьці Ўкраінскай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, а другая дата — 22 студзеня 1919 года было абвешчана аб’яднаньне Заходняй Украінскай Народнай Рэспублікі і Ўкраінскай Народнай Рэспублікі, гэта абʼяднаньне двух частак украіны, якія былі ў складзе двух дзяржаваў — Аўстра-Вугоршчыны і Расейскай імпэрыі. Гэтая падзея ў нас адзначаецца як Дзень саборнасьці. Звычайна прыярытэтным было адзначэньне якраз абʼяднаньня Ўкраіны, але сёлета якраз найбольшая ўвага надзеленая 100-годзьдзю незалежнасьці УНР. У краіне адбываецца шмат прымеркаваных да гэтай даты імпрэзаў. Прэзыдэнт Пятро Парашэнка бярэ ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах. І нават у часе аднаго са сваіх выступаў сказаў такую тэзу, што, маўляў, наракаюць лідэрам УНР, што яны зацягнулі з абвяшчэньнем незалежнасьці, але насмарэч з колішніх правінцый Расейскай імпэрыі Ўкраіна абвясьціла незалежнасьць другой пасьля Фінляндыі. Гэта так, але можна заўважыць, што калі кіраўнікі Фінляндыі сьвядома ішлі да незалежнасьці, дык украінскія дзеячы, у значнай ступені, пад ціскам абставінаў адмовіліся ад сваіх ідэяў фэдэралізму і пайшлі на абвяшчэньне незалежнасьці.
— Што ж, часам у гісторыі важныя рашэньні прымаюцца з прычыны зьнешніх фактараў, і майстэрства палітыкаў палягае ў тым, каб своечасова скарыстаць зьнешнія абставіны. Дзякуй за гутарку.