Пра гэта ў газэце The New York Times у рубрыцы "Жыць разумна" піша яе вядоўца Тым Гэрэра.
Шмат хто з тых, хто мае праблемы са своечасовым пасьпяваньнем на працу, своечасовы заканчэньнем праектаў і т. д., ня раз спрабаваў перамагчы свой недахоп. І шмат хто цярпеў паразу — нібы нейкі маленькі гном пасяліўся ў людзях і зжырае іх прадукцыйнасьць і эфэктыўнасьць.
І тым ня менш, цяпер існуе вялікая і багатая літаратура, дзе прапануюцца розныя прыёмы для выпраўленьня сытуацыі з самадысцыплінай. Вось адзін з такіх трукаў.
Пачніце культываваць мікра-прагрэс
Ваш мікра-прагрэс будзе вымярацца мікра-крокамі або іншымі адзінкамі прагрэсу, якія вы прыдумаеце самі. Калі вы журналіст, то ня стаўце сабе задачу «напісаць артыкул». Лепш разьбіць задачу на шмат малых крокаў аж да таго, што першым будзе стварэньне новага файлу ў фармаце «doc», пасьля напісаньне першай фразы і так далей.
Калі спазьняецеся на працу ці на спатканьне, паспрабуйце скараціць час спазьненьня спачатку да пяці хвілін, пасьля да трох, двух...
Важна гэтыя мікра-крокі рабіць і кожнага разу адзначаць свае дасягненьні.
Парадокс заключаецца ў тым, што як толькі вы становіцеся на шлях мікра-прагрэсу, вы як бы кадзіруеце сябе на далейшы прагрэс. Пазытыўнае мысьленьне спрацоўвае. Формула «я пачаў прадуктыўна, таму я буду і надалей быць прадуктыўным» працуе.
Ваша хуткасьць узрасьце і вы не заўважыце, як скончыце свой артыкул ці іншую справу.
Гэта ня проста слоўны самападман
Дасьледаваньні паказалі, што калі вы стымулюеце мозг пахвалой (хай сабе і не зусім шчырай), у арганізьме павышаецца ўзровень гармону задавальненьня дафаміну.
А гэта спараджае наступны прагрэс — посьпех спараджае посьпех.
У апублікаваным у 2011 годзе артыкуле ў Harvard Business Review навукоўцы паведамілі аб выяўленьні наступнай заканамернасьці:
«Звычайны, паступовы прагрэс можа павялічыць ўзаемадзеяньне людзей у працы і іх шчасьце падчас працоўнага дня».
Так што выбірайце шлях мікра-прагрэсу і дасягняце прагрэсу вялікага.
Закрыйце гэты артыкул і пачынайце.