Галоўны лекар прэзыдэнта ЗША Роні Джэксан заявіў, што Дональд Трамп на «выдатна» прайшоў кагнітыўны тэст у набраў максымальную колькасьць балаў.
«Я не знайшоў якой-небудзь прычыны меркаваць, што ў прэзыдэнта ёсьць нейкія праблемы з разумовымі працэсамі», — заявіў доктар на прэс-канфэрэнцыі.
Дыскусія аб «разумовай прыдатнасьці» Трампа разгарэлася пасьля выхаду кнігі «Агонь і лютасьць: Белы дом Трампа знутры». Паводле аўтара Майкла Ўолфа, Трамп выглядае неўраўнаважаным і негатовым да прэзыдэнцтва.
Акрамя стандартнага мэдагляду Трамп прайшоў тэст па Манрэальскай шкале ацэнкі кагнітыўных функцый. Гэты тэст звычайна праходзяць для выяўленьня прыкмет слабой памяці або раньняй дэмэнцыі. Па словах Джэксана, Трамп набраў 30 балаў з 30.
Вось пытаньні, на якія ў рамках тэсту павінен быў адказаць прэзыдэнт ЗША:
- Злучыце на малюнку літары і лічбы ў правільнай пасьлядоўнасьці (1А2B3 і гэтак далей).
- Скапіюйце малюнак куба.
- Намалюйце цыфэрблят, час 11:10.
- Назавіце, як называюцца намаляваныя жывёліны.
- Паслухайце пяць не зьвязаных паміж сабой слоў. Паўтарыце іх па памяці. Паспрабуйце гэтыя ж словы празь пяць хвілін без падказкі.
- Паслухайце пяць лічбаў. Паўтарыце.
- Паслухайце тры лічбы. Паўтарыце іх у адваротным парадку.
- Паслухайце 24 літары. Кожны раз, калі вы чуеце літару А, стукне пальцам па стале.
- Адыйміце 7 ад 100 пяць разоў (адказ: 93, 86, 79, 72, 65).
- Паўтарыце два сказы, прачытаныя вам.
- За адну хвіліну назавіце максымальную колькасьць слоў на літару F.
- Скажыце, што агульнага паміж словамі «цягнік» і «ровар»; «гадзіньнік» і «лінейка» (прыклад: банан і апэльсін — садавіна).
- Назавіце сёньняшнюю дату, месяц, год, дзень, месца і горад, дзе вы знаходзіцеся.
Так выглядае арыгінал тэсту:
У цэлым, здароўе амэрыканскага лідэра выдатнае, сказаў Джэксан. Тым ня менш, яму не пашкодзіла б скінуць вагу, лепш харчавацца і больш займацца спортам.
Але Трамп ў інтэрвію агенцтву Reuters сказаў, што ў спорце не мае патрэбы. «Я раблю практыкаваньні. Гэта значыць я хаджу, сёе-тое. Я бегаю ў суседні будынак. Я практыкуюся больш, чым людзі думаюць», — сказаў ён.