Мікола Квэрцы, які скончыў лёнданскую Акадэмію піва, зьяўляецца экспэртам менавіта броварскай прадукцыі, дэгустуе і дае рэкамэндацыі менавіта наконт гэтага напою. Улюбёнае ягонае захапленьне, кажа італьянскі брусэлец, гэта вандраваць па Бэльгіі ды Эўропе, каб адкрываць новыя бровары ды новыя гатункі піва. Адна зь ягоных апошніх фішак — усходнеэўрапейскае крафтавае (рамеснае) броварства, якое робіцца ў маленькіх прыватных броварах паводле ўласных рэцэптаў, з традыцыйных інгрэдыентаў, Такое піва, як правіла, ня мае рэклямы, яго можна пакаштаваць толькі ў пабах, і дзякуючы гэткай блізасьці да спажыўца вытворцы могуць даволі хутка мяняць і удаскальваць свой асартымэнт. Падчас калядных вакацыяў Мікола Квэрцы, скарыстаўшыся бязьвізавым рэжым у Беларусі, пазнаёміўся зь Менскам, а дагэтуль зь Вільняй. Зразумела, ён наведаў тамтэйшыя бровары.
Броварскі рух у Літве адрадзіўся пасьля распаду СССР
У сваіх заметках на адмысловым інтэрнэт-рэсурсе Cronache di Birra ён тлумачыць, чаму вырашыў зрабіць невялікае падарожжа менавіта ў гэтых двух напрамках:
«Чаму? Літва была адзінай з трох краін Балтыі, якую я яшчэ не наведваў; Беларусь вабіла сваёй „закрытасьцю“ да астатняга навакольнага сьвету. Па сутнасьці, гэта адзіная эўрапейская краіна, куды дэмакратыя яшчэ не заглядвала. Як добры „піўны паляўнічы“, я, наведваючы пабы, спрабаваў за кухлем піва зразумець гісторыю і традыцыі броварства ў гэтых раней невядомых мне краінах.
Літва, якая ўваходзіць у ЭЗ ад 2004-га, нагадала мне Скандынавію. Было відавочна, што тут здаўна захоўваюцца традыцыі вытворчасьці вясковага піва. У савецкі час гэтая галіна была нацыяналізаваная і стандартызаваная, аднак рэцэпты, якія ўсё ж таемна захоўваліся ў сем’ях бровараў і нашчадкаў, дзякуючы гэтай прыватнай ініцыятыве ўдалося празь дзесяцігодзьдзі, пасьля краху камунізму, ўсё ж выкарыстаць, і броварскі рух у Літве ў выніку цалкам адрадзіўся.
Горад Вільня, дзе я наведаў пабы як з крафтавым, так і традыцыйным півам, падаўся мне яркім, элегантным (стары яго цэнтар знаходзіцца пад аховай UNESCO) і да таго ж вельмі эканамічным. Выбар месцаў, дзе можна пакаштаваць добрага піва, шырокі і разнастайны».
Самэлье піша, што ягоным стартам у Вільні стаў элітарны піўны бар Nisha Craft Capital у дзьвюх хвілінах хады ад катэдральнага сабору ў гонар сьвятых Станіслава і Ўладзіслава:
«У гэтым невялікім пабе зь міжнароднай атмасфэрай, зьбіраюцца як замежныя госьці, так і мясцовыя жыхары, інтэлектуальная публіка самых розных узроставых груп ды прафэсіяў. Яны п’юць піва, экспэрымэнтуючы са смакам, абмяркоўваюць гэта зь іншымі наведнікамі, знаёмяцца адно з адным і атрымліваюць сапраўдны кайф ад усёй гэтай атмасфэры. У бары вялікая разнастайнасьць піва ў пляшках, а таксама 18 кранаў, адкуль цячэ, як той казаў, жывы напой. Прадукцыя самых розных вытворцаў. Я пакаштаваў Mango Milkshake браварні Apynys . Сярод піва з крана было галяндзкае De Molen, амэрыканскае Sierra Nevada, дацкае Mikkeller, а таксама Brewfist Baltic Freak».
Наведаў Мікола Квэрцы і звычайныя бары, дзе літоўская публіка, літоўскае піва і даступныя цэны:
«З такіх пабаў раю Alaus Namai, разьмешчаны ў вялікім склепе, 15 хвілінаў хады ад гістарычнага цэнтру, непадалёк ад ракі Нярыс. Тут самы сапраўдны рай для аматараў літоўскага сялянскага піва. Пакаштаваў напоі фэрмэрскага дома Kaimiškas. Напрыклад, цёмны з намёкамі на мёд і падсмажаны солад. Цікава. Але, безумоўна, знаёмства з рознымі літоўскімі гатункамі патрабуе большага часу».
Піўная хваля накаціла і ў Менск
Зь Вільні Мікола Квэрцы пераехаў у Менск, куды дабраўся праз Нацыянальны аэрапорт:
«Праз 35 хвілінаў лёту я быў ужо ў халоднай беларускай сталіцы. Горад зрабіў уражаньне вельмі акуратнага, вельмі чыстага і велічнага, з шырокімі бульварамі і ўражлівымі помнікамі, будынкамі, адкуль ад 1994 году нязьменна кіруе краінай прэзыдэнт Лукашэнка. Хадзіць па горадзе бясьпечна. Нават ня ведаючы мовы, зь беларусамі ўдаецца добра камунікаваць. Цэны ў большай ступені даступныя для турыстаў, чым для мясцовых жыхароў, чый сярэдні заробак складае 300 эўра за месяц. Тым ня менш вялікая піўная хваля накаціла і ў Менск».
Першым месцам, якое піўны самэлье наведаў у беларускай сталіцы, быў піўны бар Malt&Hops на вуліцы Зыбіцкай:
«Гэта цэнтар начнога жыцьця гораду. Malt&Hops — элегантны і вельмі вялікі, недзе сталоў на 30, паб. Тут можна пакаштаваць рамеснае піва. Але ж беларускіх гатункаў, на жаль, няма. У асартымэнце таксама розныя віды кактэйляў, віскі і цыгары. Супрацоўнікі размаўляюць на добрай ангельскай. Пакаштаваў я ў гэтым пабе „Балтыйскі портэр“ расейскага вытворцы.
Значна больш цікавым месцам мне здаўся піўны бар Craftman. Знаходзіцца ён на вуліцы Гікалы, кажуць, самай „піўной“ у Менску. Акрамя асобных столікаў, у невялікім памяшканьні ёсьць месцы для аматараў пастаяць з кухлем. Вось тут якраз ёсьць піва беларускіх гатункаў, а таксама вытворчасьці расейскіх, балтыйскіх і заходніх бровараў. Уладальнік бару і бармэн размаўляюць па-ангельску, яны дапамагаюць у выбары, бо ў мэню ўсё напісана кірыліцай. Я пакаштаваў „Піўную карту“ (дзяржаўны піўзавод „Крыніца“), „Trye Beer“ (бровар пад Менскам) і некаторыя іншыя гатункі, якія лічу прымальнымі».
Вынікі аўтара аповеду наступныя:
«Літва мае, так бы мовіць, дзьве паралельныя піўныя пляцоўкі. На адной робіцца рамеснае піва, на другой — традыцыйнае сялянскае. У Менску, у Беларусі, нягледзячы на перавагу прамысловага піва, рамеснае піва абмяжоўвае сваю прастору адмысловымі памяшканьнямі, накіраванымі на ўсе большую колькасьць турыстаў і мясцовых кліентаў, якія могуць сабе гэта дазволіць».