Грамадзянін Беларусі Юры Палітыка, які падазраецца ўкраінскай уладай у зборы сакрэтнай інфармацыі для замежнай дзяржавы, да 18 студзеня мае азнаёміцца з трыма тамамі сваёй крымінальнай справы, што складае 623 старонкі.
Суд вызначыў тэрміны азнаямленьня з матэрыяламі справы ў сувязі з тым, што, паводле сьледзтва, падазраваны і ягоны адвакат марудзілі з вывучэньнем сабраных доказаў. У судзе Юры Палітыка прасіў месяц на азнаямленьне з матэрыяламі справы, матывуючы тым, што, як грамадзянін Беларусі, кепска ведае ўкраінскую мову.
У прыватнасьці, у першым томе матэрыялы сабраныя на 221 старонцы, у другім — на 217, у трэцім — на 185. Як вынікае з адпаведнага рашэньня суду, у справе ёсьць яшчэ і закрытыя матэрыялы.
Дасудовае расьсьледаваньне справы было завершана 13 сьнежня 2017 году. Сьледзтва лічыць, што сабраных доказаў дастаткова для складаньня абвінаваўчага акту.
Маці «беларускага шпіёна», арыштаванага ў Чарнігаве: «Ня веру, што сын працаваў на КДБ»
У студзені стала вядома пра абвінавачваньне Юрыем Палітыкам супрацоўнікаў СБУ ў катаваньні і прымяненьні псыхатропаў падчас ягонага затрыманьня і правядзеньня сьледчых дзеяньняў, але Ўпраўленьне ўнутранай бясьпекі Службы бясьпекі Ўкраіны падчас праверкі ягонай заявы не пацьвердзіла гэтых фактаў. У той жа час Чарнігаўская вайсковая пракуратура пачала расьсьледаваньне агучаных Юрыем Палітыкам заяваў.
Юры Палітыка затрыманы летась у чэрвені ў Чарнігаве праз падазрэньне ў зборы сакрэтнай інфармацыі на карысьць Расеі. Пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны паведамілі, што сьледзтва «не сьцьвярджае шпіёнства з боку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на карысьць Расейскай Фэдэрацыі».
У выніку асуджэньня беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.