Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-амбасадар ЗША Пайфэр называе «абсурднай» заяву Лаўрова пра Будапэшцкі мэмарандум


Былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне Стывен Пайфэр
Былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне Стывен Пайфэр

Былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне Стывен Пайфэр называе «абсалютна абсурднай» заяву кіраўніка расейскага МЗС Сяргея Лаўрова, які сьцьвярджаў, што Расея не парушала Будапэшцкага мэмарандуму.

«Гэтае сьцьвярджэньне расейскага міністра замежных спраў Лаўрова абсалютна абсурднае. Будапэшцкі мэмарандум патрабуе ад Масквы не выкарыстоўваць супраць Украіны і не пагражаць любой сілай — ня толькі ядзернай зброяй. Лаўроў не дурны, ён гэта ведае», — напісаў Стывен Пайфэр у Twitter.

15 студзеня кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква не парушала Будапэшцкага мэмарандуму. Пры гэтым расейскі міністар спаслаўся на тое, што яго краіна не парушыла аднаго з патрабаваньняў дакумэнту — аб непрымяненьні да Ўкраіны ядзернай зброі або пагроз ужыць такую зброю.

«Нагадаю, што мы так і не ўжывалі і не пагражалі Ўкраіне ядзернай зброяй, таму ніякага парушэньня мэмарандуму не адбылося», — сьцьвярджаў Лаўроў.

Пры гэтым ён таксама заявіў, што Расея прызнае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, але толькі «ў тых межах, якія склаліся» пасьля захопу Масквой украінскага Крыму і заяў аб уступленьні паўвострава ў Расею ў пачатку 2014 году.

Будапэшцкі мэмарандум ядзерныя краіны заключылі ў 1994-м з Украінай і Беларусьсю для гарантаваньня іхнай бясьпекі пасьля адмовы Кіева і Менску ад савецкай ядзернай зброі, якая належала ім. Пасьля захопу Крыму і пачатку гібрыднай агрэсіі Расеі на Данбасе іншыя бакі дакумэнту не абаранілі Ўкраіну, ужыўшы супраць Масквы дыпляматычныя і санкцыйныя захады.

У Мэмарандуме краіны-ўдзельніцы «пацьвярджаюць іхныя абавязаньні ўстрымлівацца ад пагрозы сілай або яе прымяненьня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці» Ўкраіны і Беларусі, і што ніякая іхная зброя ніколі ня будзе выкарыстоўвацца супраць гэтых дзяржаў, акрамя мэтаў самаабароны або любым іншым чынам, згодна са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Дакумэнт пацьвярджае павагу незалежнасьці і сувэрэнітэту, існуючыя межы Ўкраіны і Беларусі па стане на падпісаньне мэмарандуму 1994 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG