Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто покатам тут ня сьпіць». Амбасадар Кізім абверг заявы пра кепскія ўмовы для ўкраінскіх перамоўнікаў у Менску


Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім
Амбасадар Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у інтэрвію Свабодзе абверг заявы аб тым, што Ўкраіна нібыта не дапамагае сваім перамоўнікам у Менску.

«Па-першае, украінская дзяржава цяпер аплочвае ўсе выправы на перамовы ў Менск, усіх дэлегацый. Усім удзельнікам перамоваў дзяржава аплочвае квіткі, і яны жывуць, як правіла, у гатэлі. Ніхто тут покатам у амбасадзе ня сьпіць. Часам тут працуюць людзі, і мы забясьпечваем ім умовы», — сказаў амабсадар.

Ён таксама абверг заявы Рамана Бясьсьмертнага пра тое, што ў Менску прыніжалі прадстаўнікоў Украіны Леаніда Кучму і Яўгена Марчука.

«Гэта няпраўда, цяпер такога няма. Усе пытаньні па ўсіх асобах забясьпечвае пратакол беларускага МЗС, іх сустракаюць у залі афіцыйных дэлегацый або ў VIP-зале. Беларускі бок таксама дае аўтамабіль прадстаўнічай клясы для кіраўніка ўкраінскай дэлегацыі. Амбасада Ўкраіны забясьпечвае транспартам ўсіх чальцоў дэлегацый, якія прыбываюць або самалётам, або цягніком», — адзначыў Ігар Кізім.

Амбасадар выказаў здагадку, што раней маглі быць арганізацыйныя цяжкасьці на перамовах у Менску, але цяпер такога няма.

«Дзяржава ставіцца вельмі адказна да людзей, якіх яна накіроўвае на такія важныя для Ўкраіны перамовы. А беларусы дапамагаюць нам», — адзначыў Кізім.

Былы ўдзельнік перамоваў пра ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе, якія праходзяць у Менску ў рамках Трохбаковай кантактнай групы, Раман Бясьсьмертны ў інтэрвію тэлеканалу «112 Украіна» заявіў аб «прыніжэньні», якое адчуваюць ў Менску былы прэм’ер-міністар Украіны Яўген Марчук і кіраўнік дэлегацыі экс-прэзыдэнт Леанід Кучма. Таксама, паводле Бясьсьмертнага, удзельнікі перамоваў езьдзяць у сталіцу Беларусі за свой кошт.

«Часам здараліся такія сытуацыі, што людзі ў амбасадзе там спалі покатам па 12 чалавек на падлозе», — сказаў, сярод іншага, Раман Бясьсьмертны.

Раман Бясьсьмертны быў удзельнікам перамоваў Трохбаковай кантактнай групы пра ўрэгуляваньне сытуацыі на Данбасе, якія праходзяць у Менску, да красавіка 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG