Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Горадняй адкрыецца «савецкі» бар: з партрэтамі Леніна і чальцоў Палітбюро


У вёсцы Каробчыцы Горадзенскага раёну, амаль каля польскай мяжы, сям’я прадпрымальнікаў Андрэевых адкрывае «савецкі» бар «Товарищ», аздоблены партрэтамі Леніна, чальцоў Палітбюро, вымпэламі, часопісамі ды іншай атрыбутыкай савецкага часу.

Партрэт Леніна, Палітбюро і кружэлкі Высоцкага...

Бар «Товарищ» — на цэнтральнай вуліцы Каробчыцаў, празь якую з Горадні едуць на памежны пераход «Брузгі». Да польскай граніцы лічаныя кілямэтры.

Усярэдзіне амаль усё гатова да прыманьня наведнікаў: на сьцяне партрэт Леніна, некалькі здымкаў чальцоў палітбюро, вымпэлы савецкага часу, старая радыёла, тэлевізар, кружэлкі Высоцкага, часопісы «Огонёк» за 1953 год — прычым з матэрыяламі пра пахаваньне Сталіна — ды іншая драбяза.

«Я ніколі ня быў на баку камуністычнай партыі і ня быў з апазыцыяй»

Гаспадар Алег Андрэеў кажа, што гэта іхны сямейны бізнэс, і ім вельмі хочацца, каб усё атрымалася. А што да назвы і антуражу, то гаспадар тлумачыць, што гэта ў памяць пра бацькоў, і на сьцяне, маўляў, іхныя ўзнагароды.

Алег Андрэеў
Алег Андрэеў

— Мы нарадзіліся ў СССР, тата быў звычайным электрыкам, мама — закройшчыцай. І мы нармальна жылі, нас бацькі заўсёды вазілі ў Крым — так жылі рабочыя людзі. Нам падабаўся той час, і мы вырашылі вярнуцца ў яго, — кажа гаспадар бару.

— А вашы бацькі былі камуністамі?

— Не, ніколі не былі. Іх прымушалі, але мой тата заўсёды казаў: лепш уступіць у г..., чым у партыю, і не ўступаў.

— А навошта тады тут усе гэтыя камуністычныя сымбалі?

— Я таксама ня быў у партыі, усё жыцьцё адпрацаваў у гандлі. І дзеці мае ўсе працуюць у гандлі. Я ніколі ня быў на баку камуністычнай партыі і ня быў з апазыцыяй. І гэта наш камэрцыйны праект, мы хочам зарабіць грошай.

«Моладзь даведаецца, што людзі тады за працу ня толькі грошы атрымлівалі, але і граматы...»

Жонка Іна ўдакладняе, што бар ня сталі адчыняць у горадзе, баючыся, што рэкляму з камуністычнымі атрыбутамі не дазволяць і арэнда там даражэйшая. Яны спадзяюцца, што тут будуць спыняцца ня толькі турысты, якія едуць адразу зь мяжы, але і мясцовыя людзі.

«Моладзь зможа паглядзець на вымпэл для лепшай фэрмы і даведаецца, што ў той час былі добрыя фэрмы — ня тое што цяпер. І людзі працавалі шмат, грошай атрымлівалі мала, але ўсе добра жылі, граматы за сваю працу атрымлівалі. А цяпер толькі грошы, грошы, грошы, а іх ніхто ня плаціць», — кажа спадарыня Іна.

На заўвагу, што ў савецкіх установах харчаваньня звычайна карысталіся алюмініевымі відэльцамі, лыжкамі і нават талеркамі, Іна Андрэева адказала: «Кліенты нас не зразумеюць, а таму відэльцы і нажы сучасныя».

«Нічога дрэннага з тае гісторыі ведаць ня хочацца»

Дачка Вікторыя разьлівае ў гранёныя шклянкі гарбату, просіць частавацца і бадзёра расказвае пра савецкія стравы, пра музыку, пра дыскатэкі, якія будуць тут ладзіцца. Хаця, дадае яна, у савецкі час не жыла, але ідэя такога бару ёй падабаецца.

Пра гісторыю СССР яна мала што ведае, ніколі яе гэта не цікавіла, але нічога дрэннага з тае гісторыі ведаць і ня хоча.

«У любога часу знойдуцца прыхільнікі і тыя, каму той час не падабаўся», — кажа Вікторыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG