Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Курс даляра, масавыя пратэсты і кошт «шэнгену». Што экспэрты Свабоды спрагназавалі на 2018 год


Пачатак году — традыцыйны час прадказаньняў і прагнозаў. Свабода зьвярнулася да эканамістаў, журналістаў, палітыкаў, літаратараў і астролягаў з просьбай заняцца няўдзячнай справай ды адказаць на 11 пытаньняў нашай прагнознай анкеты. Усур’ёз ці жартам — кожны з рэспандэнтаў выбіраў самастойна.

У канцы 2018 году мы вернемся да гэтай анкеты і паглядзім, хто ж з рэспандэнтаў найбольш наблізіўся да праўды.

Нашыя пытаньні:

  1. Якім будзе курс даляра ў канцы году?
  2. Якой будзе яўка на мясцовых выбарах?
  3. Колькі міністраў страцяць пасаду ў 2018 годзе?
  4. Хто стане прэзыдэнтам Расеі?
  5. Хто стане ляўрэатам прэміі Гедройця?
  6. Ці будуць і зь якой прычыны масавыя пратэсты ў Беларусі?
  7. Колькі будзе каштаваць шэнгенская віза для беларусаў?
  8. Колькі будзе сонечных дзён у 2018 годзе?
  9. Колькі мільёнаў тон збожжа зьбярэ Беларусь налета?
  10. Ці прыйдуць сёлета ў Беларусь Microsoft, Apple, Google (ці зьявяцца ў нас офісы сусьветных ІТ-гігантаў)?
  11. Колькі мэдалёў здабудзе Беларусь на зімовай Алімпіядзе-2018?

Юры Дракахруст, палітычны аглядальнік Радыё Свабода

  1. У раёне 2 рублёў за даляр плюс-мінус 10 капеек.
  2. На выбарах 2010 году паводле ЦВК яўка была 79%, у 2014 — 78%, сёлета «элегантнай» лічбай будзе 77%.
  3. Два, такі балянс аднаўленьня і стабільнасьці.
  4. Вы будзеце сьмяяцца, але...
  5. Нарэшце Бахарэвіч.
  6. Мяркую, што нямала людзей выйдзе на Дзень Волі.
  7. 35 эўра. Думаю, што шматпакутнае пагадненьне з Эўразьвязам пра візы будзе заключанае, а набудзе моц яно праз 20 дзён пасьля падпісаньня.
  8. 20-35. Гэтая лічба не мяняецца штогод, як і шмат што іншае ў Беларусі.
  9. 6,5 мільёна тон, збор зьніжаецца апошнія гады
  10. Мяркую, што нехта зь іх прыйдзе. Прынамсі зойдзе паглядзець, адкрые прадстаўніцтва.
  11. 20 мэдалёў.

Ганна Канапацкая, палітык, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

  1. 2,1-2,3 рубля за даляр.
  2. Ня больш за 25%. Але намалююць каля 70%.
  3. Магчыма, ніхто. Магчыма, міністар антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Ўладзімер Калтовіч, калі будзе рэальна праводзіць палітыку лібэралізацыі і адпусьціць цэны. Але наўрад ці адбудуцца моцныя ўзрушэньні.
  4. Уладзімір Пуцін.
  5. Ня маю адказу.
  6. Наўрад ці будуць такія пратэсты, як вясной 2017-га. Але могуць быць лякальныя пратэсты, як цяпер у Сьветлагорску альбо супраць ушчыльненьня забудовы ў гарадах.
  7. Застанецца яшчэ 60 эўра.
  8. 87 дзён.
  9. 8 млн тон.
  10. Не.
  11. 5, максымум 7 мэдалёў.

Вольга Карач, кіраўніца грамадзянскай кампаніі «Наш дом»

  1. Да траўня курс будзе 4 рублі за даляр ці каля таго.
  2. Яўка будзе нізкай, але намалююць каля 60%.
  3. Два міністры.
  4. Уладзімір Пуцін.
  5. За прэміяй Гедройця не сачу, але мне б хацелася, каб гэта быў Горват.
  6. Пратэсты будуць. Пачнуцца з нейкай дробязі, але будуць самыя масавыя, і ня ўпэўненая, што мірныя.
  7. Зьмены кошту візы для беларусаў ня будзе. Застануцца тыя ж 60 эўра.
  8. 74 дні.
  9. Каля 6 млн тон.
  10. Не, ніхто ня прыйдзе.
  11. 2-3 мэдалі.

Наста Кудасава, паэтка, ляўрэатка «Кнігі паэзіі-2016» па вэрсіі Свабоды

  1. 2,345 рубля за даляр.
  2. Праўду мы ўсё адно не даведаемся, таму няхай будзе прыгожая лічба 77,7%.
  3. Два.
  4. Мне ўсё роўна, не сачу за палітыкай Расеі.
  5. Макс Шчур.
  6. Будуць, усё з тых жа.
  7. Спадзяюся, меней, чым каштуе сёньня.
  8. У мяне ўсе будуць сонечныя.
  9. 10 мільёнаў.
  10. Не.
  11. 11 мэдалёў.

Васіліна Міцкевіч, астроляг, спэцыялістка ў галіне геакліматычных зьяваў

  1. Курс даляра будзе ня большы за 2,6 рубля.
  2. Больш, чым мінулым разам.
  3. Пасады страцяць больш міністраў, чым летась.
  4. Прэзыдэнтам Расеі застанецца Ўладзімір Пуцін.
  5. Ня ведаю.
  6. Пратэстаў у Беларусі ня будзе.
  7. Віза стане таньнейшай.
  8. Менш за сярэднестатыстычны паказчык.
  9. Ураджай будзе такі самы, як і ў 2017 годзе.
  10. У Беларусі пачнуць адкрывацца офісы IT-гігантаў. Усё будзе добра, акрамя веснавых паводак.
  11. Пяць мэдалёў.

Яраслаў Раманчук, эканаміст

  1. $1 = BYN3.14
  2. Рэальная — 26%, «намаляваная» — 64,7%
  3. 6 міністраў
  4. Уладзімір Пуцін
  5. Віктар Марціновіч
  6. Да 2000 чалавек будуць, масавых — не.
  7. У канцы 2018 году — 35 эўра.
  8. 33 дні.
  9. 8,2 млн тон.
  10. Не.
  11. Тры мэдалі.

Арцём Шрайбман, журналіст

  1. Такім, які будзе трэба, каб актуальныя рублёвыя заробкі сталі «папіццот».
  2. Як заўсёды, крэатыўнай.
  3. Нуль, запасных няшмат.
  4. Нават жарт не ідзе ў галаву. Леанід Ільіч Пуцін.
  5. Як заўсёды, той, пра каго палова беларускага «Фэйсбуку» ня ведае, а другая палова не ўхваляе яго лаўрэацтва.
  6. Думаю, некалькі тысячаў мусіць выйсьці на стагодзьдзе БНР.
  7. 60 эўра, нават калі дамовяцца пра зьніжэньне кошту, бо дамова набудзе моц не адразу.
  8. Даручыце палічыць Лідзіі Міхайлаўне, і будзе дастаткова.
  9. Той жа адказ. Чаго я да яго раней не дадумаўся?
  10. Залежыць ад таго, ці прапісана гэта ў дэкрэце пра ПВТ 2.0.
  11. Пра гэта мы канчаткова даведаемся гадоў праз пяць пасьля Алімпіяды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG