Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя пракамэнтавала наезд на жанчыну ў Салігорску: «Папярэдне лічым, што вінаваты супрацоўнік ДАІ»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ступень адказнасьці супрацоўніка ДАІ, які на пешаходным пераходзе наехаў на жанчыну ў Салігорску, будзе залежаць ад стану яе здароўя.

Раніцай 29 сьнежня ў Салігорску на нерэгуляваным пешаходным пераходзе аўтамабіль ДАІ зьбіў жанчыну, пасьля чаго яна трапіла ў шпіталь. Інфармацыя пра ДТЗ шырока разышлася ў сацсетках пасьля 31 сьнежня, калі пацярпелая жыхарка Салігорску Вольга Шарыдода апублікавала падрабязнасьці ў «ВКонтакте».

Error rendering VK.

У сваім допісе жанчына выказвала асьцярогу, што салігорскія праваахоўнікі паспрабуюць пазьбегнуць адказнасьці. Яна таксама скардзілася на тое, што факт ДТЗ ня быў зафіксаваны адпаведным чынам.

Error rendering VK.

Прадстаўнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Менаблвыканкаму Яўген Сачак расказаў Свабодзе, што пакуль разглядаецца толькі вэрсія аб вінаватасьці супрацоўніка ДАІ.

«Супрацоўнік ДАІ знаходзіўся на службе. Ён прайшоў абсьледаваньне як перад заступленьнем на службу, так і пасьля ўчыненьня ДТЗ, — расказаў Яўген Сачак. — Канчатковая прававая ацэнка гэтаму здарэньню будзе дадзеная пазьней. Папярэдне мы лічым, што ДТЗ учыненае па віне супрацоўніка ДАІ, былі парушаныя правілы дарожнага руху, зьвязаныя з няпропускам пешахода на пешаходным пераходзе. Ступень адказнасьці супрацоўніка ДАІ будзе вызначаная пасьля правядзеньня судова-мэдычнай экспэртызы, яна будзе залежаць ад цяжару наступстваў для здароўя пацярпелай».

У міліцыі таксама абвяргаюць інфармацыю аб тым, што выпадак спрабавалі «замяць».

«Усе мерапрыемствы, зьвязаныя з афармленьнем ДТЗ, апытаньнем сьведак, праводзіліся ў поўным аб’ёме і ў адпаведнасьці з заканадаўствам, — гаворыць прадстаўнік УУС Менаблвыканкаму. — Пра факт ДТЗ адразу ж паведамілі кіраўніцтву Салігорскага РУУС, ДТЗ адразу ж было зарэгістравана ў дзяжурнай частцы. Гэтае ДТЗ знаходзіцца на кантролі ў кіраўніцтва ДАІ Менаблвыканкаму. Ажыятаж, зьвязаны зь нібыта нівэляваньнем наступстваў ДТЗ, ня мае пад сабой ніякіх падстаў».

Паводле Яўгена Сачака, пакуль невядома, што будзе далей з супрацоўнікам ДАІ, які падазраецца ва ўчыненьні ДТЗ у Салігорску. У залежнасьці ад стану здароўя пацярпелай жанчыны, яго можа чакаць як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG