Судзьдзя Вячаслаў Елісеенка прызнаў абодвух журналістаў вінаватымі ў парушэньні часткі 2 артыкула 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконны выраб прадукцыі СМІ).
Падставай для адміністрацыйнай справы і разбораў у судзе сталі матэрыялы, якія выйшлі на «Радыё Рацыя» і тэлеканале «Белсат». У іх распавядалася, як мясцовы грамадзкі актывіст Кастусь Шыталь збіраў подпісы за тое, каб новы цягнік «Менск — Полацак» спыняўся на станцыі Параф’янаў. У выніку гэты прыпынак Беларуская чыгунка арганізавала, і мясцовыя жыхары засталіся задаволеныя.
Аднак незадаволенай засталася докшыцкая міліцыя, якая ініцыявала адміністрацыйную справу супраць журналістаў. Праглядзеўшы відэасюжэт на «Белсаце», міліцыянты адшукалі жыхароў мястэчка, якія выступалі са арганізацыю чыгуначнага прыпынку і казалі пра гэта на камэру.
Зьмітра Лупача аштрафавалі і за супрацоўніцтва з «Радыё Рацыя», і — асобна — за сюжэт на тэлеканале «Белсат». І ён, і калега-журналістка Тацяна Смоткіна адмовіліся даваць паказаньні падчас судовага працэсу, сьведкі на суд не зьявіліся, і судзьдзя вынес пастанову пра штрафы літаральна за паўгадзіны.
Апошні «падвойны» штраф для спадара Лупача — ужо чацьвёрты, атрыманы за супрацу зь незалежным тэлеканалам «Белсат».
9 лістапада судзьдзя Глыбоцкага раённага суду пакараў журналіста штрафам у 35 базавых велічыняў (805 рублёў) за сюжэт пра вытворцаў глыбоцкай згушчанкі, 6 кастрычніка ён быў пакараны штрафам у 30 базавых велічыняў (690 рублёў) за відэасюжэт пра вучэньні «Захад-2017». 20 траўня Глыбоцкі раённы суд пастанавіў аштрафаваць і Зьмітра Лупача (690 рублёў), і яго калегу Тацяну Смоткіну (575 рублёў) за сюжэты, якія таксама выходзілі амаль адначасова на сайце «Радыё Рацыя» і тэлеканале «Белсат» — пра дом у Глыбокім, які 40 год стаіць без капітальнага рамонту.
Цяпер агульная сума штрафаў, прысуджаных сёлета спадарыні Смоткінай, складае 1265 рублёў, спадар Лупач аштрафаваны агулам на 3105 рублёў.