Пасьля трох гадзінаў «самаволкі» іх затрымалі і вярнулі назад. Тады, сьцьвярджаюць падлеткі, іх зьбілі супрацоўнікі вучэльні. Адзін трапіў у шпіталь з пашкоджаным хрыбтом. На камісіі яго не было, ён далечваецца ў спэцыяльнай установе.
Натальля Варанкова, маці аднаго з уцекачоў, якая прысутнічала ў якасьці законнага прадстаўніка свайго сына Цімафея, кажа, што хлопцаў вінавацілі у брыдкаслоўі. Маўляў, калі затрымалі, тыя нецэнзурна выказваліся. Тэму ўцёкаў, казала яна, камісія згадвала ўскосна. Пытаньняў пра зьбіцьцё і прычыны ўцёкаў навучэнцам не задавалі.
Паводле Натальлі Варанковай, Цімафей сам заявіў, што ён і ягоныя сябры кінуліся наўцёкі празь невыносныя ўмовы ўтрыманьня. На гэтыя словы камісія адрэагавала маўчаньнем.
Справу сына, як кажа спадарыня Натальля, камісія разглядала спакойна і карэктна, а выканаўца абавязкаў дырэктара паабяцаў, што ўмовы ўтрыманьня падлеткаў у вучэльні будуць палепшаныя.
Цімафею Варанкову вынесена адміністрацыйнае пакараньне ў выглядзе папярэджаньня. Пра папярэджаньні гаварылі і іншыя навучэнцы, якія зьбеглі з спэцустановы.
Паводле спадарыні Натальлі, сын яшчэ знаходзіцца ў прыгнечаным стане, але стараецца выглядаць бадзёра. Кажа, што рэжым у вучэльні памякчэў, ранейшага прэсінгу няма.
На гутарку навучэнцаў прывезьлі у спэцыяльнай форме, якую прымушаюць надзяваць парушальнікаў рэжыму.
Паседжаньне камісіі праходзіла ў магілёўскай школе № 19.