Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі Максіма Мархалюка: у рамках крымінальнай вэрсіі апытана некалькі тысяч чалавек


Пра тое, як праходзяць пошукі хлопчыка, распавёў на сустрэчы з жыхарамі вёскі Новы Двор першы намесьнік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Аляксандар Шастайла.

Ён паведаміў, што ў радыюсе 15 кілямэтраў ад вёскі, дзе жыў хлопчык, цалкам абсьледаваная ўся тэрыторыя. Сумнеўныя аб’екты, такія як звалкі і закінутыя будынкі, абсьледаваныя ў радыюсе 20 кілямэтраў ад вёскі.

«Мы не пашыралі зону пошуку ў сувязі з тым, што нам трэба было пераканацца: у гэтых лясных масівах, у гэтай балоцістай мясьцовасьці непадалёк ад Новага двара нейкіх сьлядоў яго знаходжаньня няма», — патлумачыў Шастайла.

Правяралі ня толькі мясцовасьць вакол населенага пункту, але і людзей, якія паводле праваахоўнікаў, маглі мець дачыненьне да зьнікненьня хлопчыка.

«Было адпрацавана больш за некалькі тысяч грамадзян розных катэгорый у рамках прапрацоўкі крымінальнай вэрсіі. Гэта, у першую чаргу, мясцовыя жыхары», — сказаў Шукайла.

Разглядаліся дзьве асноўныя вэрсіі: хлопчык стаў ахвярай няшчаснага выпадку альбо злачынства. Аднак сьледзтва правярала любыя іншыя вэрсіі, на месца нават прывозілі празорцаў, якія зьвярталіся ў органы ўнутраных спраў і казалі, што ведаюць месцазнаходжаньне Максіма, і правяралі месцы, на якія яны ўказвалі.

Хлопчык да гэтага часу ня знойдзены, аднак «праца праводзілася, праводзіцца і будзе праводзіцца», запэўніў намесьнік кіраўніка УУС.

11-гадовы Максім Мархалюк каля 20.00 увечары 16 верасьня паехаў на ровары ў бок лесу каля сваёй вёскі і зьнік. Ужо а 22-й гадзіне яго пачалі шукаць — бацькі, аднавяскоўцы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.

Зьніклага ў Белавескай пушчы хлопчыка шукаюць і за межамі Беларусі. Інфармацыю аб гэтым распаўсюдзіў Сьледчы камітэт Беларусі.

Па факце зьнікненьня Максіма Мархалюка Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 167 КПК.

Раней пошукі вяліся з удзелам соцень валянтэраў, пазьней супрацоўнікі МЧС і МУС вырашылі, што цяпер такой вялікай колькасьці шукальнікаў не патрэбна, у далейшых пошуках бяруць удзел адмыслоўцы.

«Ён сьніцца мне, але і ў снах ніякай падказкі». Зьніклага Максіма Мархалюка шукаюць трэці месяц

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG