Былога кіраўніка перадвыбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Пола Манафорта вызвалілі з-пад хатняга арышту. Суд пагадзіўся зьмяніць умовы ўтрыманьня, але яго абавяжуць насіць электронны бранзалет.
Манафорта і яго дзелавога партнэра Рыка Гейтса абвінавачваюць у працы на тэрыторыі ЗША ў якасьці незарэгістраваных агентаў уплыву замежнай дзяржавы, лябіяваньні інтарэсаў былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і яго «Партыі рэгіёнаў», а таксама ў незаконных фінансавых апэрацыях з замежнымі рахункамі.
Манафорт і Гейтс сваю віну не прызнаюць. Судовы працэс над імі пачнецца ў траўні 2018 году.
У лістападзе Манафорта зьмясьцілі пад хатні арышт пад заклад у 10 мільёнаў даляраў. Бізнэсовец знаходзіўся пад кругласутачным назіраньнем у сваім доме ў Вірджыніі. І мог пакідаць яго толькі, каб прыйсьці ў суд.
Абвінавачаньні, прад’яўленыя Манафорту, сталі першымі ў расьсьледаваньні расейскага ўмяшаньня ў леташнія выбары прэзыдэнта ЗША.
У ЗША вядзецца расьсьледаваньне верагоднага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША. У пачатку жніўня спэцпрокурор ЗША Робэрт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў леташніх выбарах. Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штабу Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі суперніка Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Масква сваё дачыненьне да выбараў у іншых дзяржавах катэгарычна адмаўляе.