Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьніца Міра Лукша — пра выжываньне беларускай літаратуры на Беласточчыне


Міра Лукша. Фота Ганны Кандрацюк
Міра Лукша. Фота Ганны Кандрацюк

Зь Мірай Лукшай, беларускай пісьменьніцай і журналісткай зь Беластоку, размаўляе Ян Максімюк.

— Міра, нядаўна мы прачыталі ў Фэйсбуку, што ў Беластоку выйшла твая новая кніга, «Сьпеў дрэў». З чым цябе сардэчна віншуем. Паколькі аднак кніга яшчэ не дайшла да Прагі, дык раскажы нам крыху пра яе. Што гэта — проза, паэзія?

— Гэта зборнік вершаў для дзяцей. Яны друкаваліся ў «Зорцы» [старонка для дзяцей і моладзі ў беластоцкай «Ніве» — РС], паводле замовы і з інсьпірацыі Ганны Кандрацюк [пісьменьніца і журналістка «Нівы», рэдактарка «Зоркі» — РС]. Раней выйшла падобная мая кніжка для дзяцей, пра зьвяроў, пад загалоўкам «Жывінкі з глыбінкі». А гэтая — пра дрэвы і кусты, сярод якіх і зь якімі мы жывем.

У кніжцы — 42 тэксты, пачынаючы ад «Абляпіхі» і сканчаючы «Язьмінам». Каля кожнага тэксту на старонцы побач — чорна-белая графіка Міраслава Здрайкоўскага. Але гэтыя рысункі Міраслава дзеці могуць размалёўваць, калі захочуць.

— Хто выдаў кніжку? І якім накладам?

— Наклад даволі вялікі — 500 штук. Выдала Праграмная рада тыднёвіка «Ніва» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі [гэтае міністэрства разьдзяляе дзяржаўную датацыю для ўсіх нацыянальных меншасьцяў у Польшчы — РС]. Наклад папярэдняй маёй кніжкі для дзяцей, «Жывінкі з глыбінкі», таксама быў немалы, і мы распаўсюджвалі яе падчас аўтарскіх сустрэчаў і разам з тыднёвікам — кожны, хто падпісаўся на «Ніву», мог атрымаць кніжку.

Кніга Міры Лукшы «Сьпеў дрэў»
Кніга Міры Лукшы «Сьпеў дрэў»

— Цяперашняя кніжка будзе распаўсюджвацца падобным чынам?

— Думаю, што так. Падчас сустрэчаў зь дзецьмі ў школах, дзе вывучаюць беларускую мову; я ўжо дамоўленая на першую такую сустрэчу, у Гарадку. Таксама кожны падпісчык «Нівы» зможа атрымаць «Сьпеў дрэў»…

— Міра, гэтая кніжка — каторая па ліку ў цябе?

— Шаснаццатая.

— А помніш, як называлася твая першая кніжка, і калі яна выйшла?

— Вядома ж. Гэта быў «Дзікі птах верабей». Кніжку таксама выдала Праграмная рада тыднёвіка «Ніва» — гэта была першая кніжка нашага выдавецтва, яна выйшла ў 1993 годзе. З таго часу «Ніва» выдала пяць маіх кніжак. Я дэбютавала даволі рана, бо ў 1973 годзе, і потым друкавалася ўвесь час у «Ніве», але першая кніжка зьявілася толькі ў 1993 годзе.

— Хто яшчэ ў Беластоку, акрамя цябе, піша кнігі па-беларуску? Здаецца, засталіся ўжо апошнія магікане: ты, Міхась Андрасюк, Ганна Кандрацюк, Віктар Стахвюк… І гэта ўсе, калі не памыляюся…

— Ну, Віктар Швед яшчэ піша (сьмяецца) [старажыл беларускіх пісьменьнікаў у Польшчы, нарадзіўся ў 1925 годзе — РС]. Але выходзяць і кніжкі маладзейшых за нас аўтараў. Напрыклад, Кася Сянкевіч, паэтка і мастачка, народжаная ў 1991 годзе, ужо выдала дзьве кніжкі па-беларуску, адну зь іх у Менску. Яна — з наймаладзейшага пакаленьня беларускамоўных аўтараў на Беласточчыне.

А з нашага пакаленьня яшчэ публікуецца Юрка Баена — летась выйшла яго вельмі добрая кніжка, якую выдала Літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа» [суполка беларускіх пісьменьнікаў і мастакоў Беласточчыны, заснаваная 8 чэрвеня 1958 году — РС]. Дарэчы, найстарэйшы аўтар нашай «Белавежы» — Антось зь Лепля — нарадзіўся ў 1891 годзе. А згаданая Кася Сянкевіч, наймаладзейшая аўтарка «Белавежы» — нарадзілася дакладна 100 гадоў пазьней… Калі ўзяць усіх людзей, якія друкавалі нешта сваё на літаратурнай старонцы «Белавежы» ў «Ніве» ці ўдзельнічалі ў літаратурных конкурсах «Нівы», то набярэцца чалавек больш за 300. А на гэты момант пішуць па-беларуску і друкуюцца ў нас каля 20 чалавек…

Кася Сянкевіч і Міра Лукша. Фота Іны Хоміч
Кася Сянкевіч і Міра Лукша. Фота Іны Хоміч

— Літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа» ўсё яшчэ праводзіць свае пасяджэньні?

— Так. Месяц таму быў зьезд «Белавежы». Старшынём літаб’яднаньня быў пераабраны паэт Ян Чыквін, ягоным намесьнікам стаў Віктар Стахвюк, я там як сакратар. Праз паўгода будзем адзначаць шасьцідзесяцігодзьдзе «Белавежы». Ёсьць чым радавацца, бо за той час выданьняў «Белавежы» назьбіралася каля 300 загалоўкаў…

— І ты, і Ганна Кандрацюк, і Міхась Андрасюк выдавалі ў мінулым таксама кніжкі па-польску. Як кваліфікаваць гэткую творчасьць — гэта польская літаратура, польска-беларуская, беларуская?

— Я асабіста лічу, што гэта беларуская літаратура. Скажу за сябе: вось мае польскамоўныя кніжкі, «Wiersze tutejsze» і «Biały stok», яны гавораць пра нашу зямлю, нашых людзей, нашу гісторыю — чаму іх не лічыць беларускай літаратурай? Яны абсалютна беларускія. Дарэчы, сёлета ў мяне выйшла ў Варшаве і дзьвюхмоўная, польска-беларуская кніжка, «Радаслоў», як узнагарода ў конкурсе паэзіі пад эгідай ЮНЭСКА. І сёлета таксама выйшлі дзьве кніжкі беларускіх аўтараў у маім перакладзе на польскую: «Камэнданцкі час для ластавак» Алены Брава і «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча»…

— На заканчэньне я хацеў закрануць вось такую справу… Кніжка беларускага аўтара, перакладзеная на польскую мову, мае шанец прадацца ў кнігарні. А вось кніжкі па-беларуску, як здаецца, у польскія кнігарні ўжо не патрапляюць. Ці сёньня яшчэ магчыма прадаць кніжку па-беларуску ў польскай кнігарні?

— Мы прадаем беларускія кніжкі ў кнігарні «Akcent» у цэнтры Беластоку, каля рынку Касьцюшкі. Хто цікавіцца, той падыдзе да паліцы, пагартае і купіць. Можна сказаць, я ведаю ў твар амаль усіх чытачоў беларускіх кніжак на Беласточчыне. Гэтыя людзі маюць цэлыя беларускія бібліятэкі. Што тычыцца мяне, дык я ня маю сваіх ранейшых кніжак — усе яны разышліся. Часам нашы аўтары наракаюць, што ніхто не арганізуе аўтарскіх сустрэчаў, няма як дайсьці з кніжкай да чытача. Я лічу, што аўтар сам павінен браць ініцыятыву ў свае рукі і дамаўляцца на такія сустрэчы, а не чакаць немаведама каго і чаго.

Дарэчы, мы ўсё яшчэ знаходзім новых беларускіх аўтараў. Праз пару дзён завяршаецца агульнапольскі конкурс беларускай паэзіі і прозы, які арганізуе «Ніва». Сёлета гэта ўжо дваццаты такі конкурс. З удзельнікаў гэтага конкурсу час ад часу «вырастае» нейкі пэрспэктыўны беларускі аўтар, як, напрыклад, згаданая мною Кася Сянкевіч. «Ніва» дапамагае такім аўтарам «разгарнуць крылы», падштурхоўвае іх і заахвочвае, каб яны ўваходзілі ў гэтае жывое творчае кола — паўтару, жывое! — таму што людзі зь «Нівы» і зь Літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» так бачаць сваю ролю і пакліканьне — дапамагаць, падказваць, раіць маладым аўтарам, заахвочваць іх да пісаньня па-беларуску.

Я помню, што ўпершыню пабывала на літаратурным сэмінары «Белавежы», калі мне было ўсяго 15 гадоў, я прыехала ў Беласток з мамай. Тады старэйшыя сябры «Белавежы» — Сакрат Яновіч, Юрка Геніюш, Юрка Валкавыцкі — прынялі мяне як сваю. Я зь імі адчувала сябе добра і не самотна. Сёньня я стараюся рабіць у адносінах да маладзейшых аўтараў тое, што згаданыя людзі, якіх сёньня ўжо няма ў жывых, рабілі калісьці ў адносінах да мяне.

* * *

Верш з кнігі Міры Лукшы «Сьпеў дрэў»:

ЯБЛЫНЯ

Старая каравая яблыня
ў забытым садзе пакінутай вёскі
штовесну абліваецца

бела-ружовай пенай квецьця.
Над яе старадаўняй галавой яснае неба.
А яблыкі ў яе цудадзейныя:
хто зьесьць, адразу маладзее.
Ды няма каму сказаць пра гэта
і зьесьці той маладзільны яблык.
Яблык — сымбаль юнацтва і неўміручасьці
з райскага дрэва на сіратлівай зямлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG