Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Новы сьледчы сказаў, што хоча сустрэцца». Як ідзе расьсьледаваньне суіцыдаў у войску


Аляксандар Коржыч
Аляксандар Коржыч

Аляксандар Коржыч трагічна загінуў у барысаўскіх Печах. Яго сьмерць выклікала інфармацыйную хвалю, больш за дзесяць вайскоўцаў трапілі за краты, зьмянілася кіраўніцтва часткі, а Мінабароны анансавала рэформы. Разам з тым навінаў аб расьсьледаваньні як гэтай справы, так і іншых няма больш за месяц. Свабода сабрала тое, што вядома на гэты момант.

Затрыманы па справе Коржыча Артур Вірбал ужо два месяцы за кратамі
Затрыманы па справе Коржыча Артур Вірбал ужо два месяцы за кратамі

Справа Коржыча: «Новай інфармацыі пакуль няма»

Апошняе афіцыйнае паведамленьне Сьледчага камітэту ў справе Аляксандра Коржыча датаванае 25 кастрычніка. Тады старшыня СК Іван Наскевіч выступіў з паведамленьнем, што інфармацыя пра наяўнасьць на целе загінулага вайскоўца сьлядоў барацьбы не адпавядае рэчаіснасьці.

«На целе загінулага Аляксандра Коржыча няма ніводнага цялеснага пашкоджаньня, за выключэньнем баразны ад пятлі. Сьляды на целе, якія сваякі і сябры прынялі за сьляды зьбіваньня, аказаліся так званымі трупнымі плямамі», — сказаў старшыня СК Іван Наскевіч.

Пасьля гэтага цішыня.

«Пакуль новай інфармацыі аб ходзе расьсьледаваньня гібелі Аляксандра Коржыча мы не публікуем», — коратка камэнтуе начальнік аддзелу інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю СК Сяргей Кабаковіч.

Паводле інфармацыі Свабоды, сваякі Аляксандра Коржыча пэрыядычна наведваюцца ў Менск для азнаямленьня з ходам расьсьледаваньня. Рабіць гэта ім дазволіў асабіста кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. Аднак падрабязнасьцяў справы ні маці Аляксандра Сьвятлана Коржыч, ні яго сябры журналістам не расказваюць. Спасылаюцца на падпіску аб невыдаваньні.

Праз два месяцы пасьля гібелі вайскоўца па-ранейшаму застаецца невядомым лёс чалавека, які знайшоў яго цела. Паводле вэрсій, агучаных у СМІ, ён можа быць падазраваным у справе і знаходзіцца ў СІЗА. Альбо праходзіць лячэньне ў Навінках.

Таксама невядомай застаецца дакладная дата сьмерці Аляксандра Коржыча. Дагэтуль няясна, ці выстаўленыя некаму з затрыманых у гэтай справе вайскоўцаў абвінавачваньні ў забойстве альбо ў давядзеньні да самагубства. Вядома, што такія вэрсіі разглядаліся сьледзтвам, аднак афіцыйна абвінавачваньні ў гэтым нікому не прад’яўляліся.

Іншыя справы, расьсьледаваньне якіх аднавіў Сьледчы камітэт

25 кастрычніка, адказваючы на пытаньні журналістаў у Палаце прадстаўнікоў, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што СК правядзе дадатковую праверку фактаў суіцыду вайскоўцаў, а таксама выпадкаў нанясеньня цялесных пашкоджаньняў і гібелі. Пры гэтым старшыня СК заявіў, што праверка закране ўсе выпадкі, зафіксаваныя за час існаваньня СК, гэта значыць — за апошнія шэсьць гадоў.

Родныя некаторых памерлых у войску салдат расказалі Свабодзе, што новыя сьледчыя зь імі ўжо зьвязваліся.

«Нам пазваніў сьледчы, сказаў, што хоча сустрэцца, пагаварыць, — расказвае маці загінулага пад Барысавам год таму Паўла Старанкова Валянціна. — Відаць, я паеду да яго ў Менск. Нам сказалі, што расьсьледаваньнем займаецца сьледчы з Цэнтральнага апарату».

Першы раз справу Паўла Старанкова, які зьнік з часткі пад Жодзінам увосень 2016 году і быў знойдзены павешаным у лесе толькі ў лютым 2017-га, расьсьледавалі некалькі месяцаў. Тады сьледзтва не знайшло прыкметаў гвалту ў сьмерці 18-гадовага Паўла. Яго бацькі спрабавалі абскардзіць закрыцьцё справы ў Барысаўскай пракуратуры, аднак новае расьсьледаваньне сьмерці Старанкова пачалося толькі пасьля гібелі Коржыча.

«Спадзяёмся, зараз нешта атрымаецца даведацца», — гаворыць маці загінулага вайскоўца.

Бацькі Старанкова па-ранейшаму ня вераць у вэрсію аб самагубстве сына.

Маці загінулага ў барысаўскай частцы Арцёма Басьцюка, расьсьледаваньне справы якога таксама аднавілі пасьля сьмерці Коржыча, гаворыць, што таксама бачылася з новым сьледчым. Пры гэтым Тацьцяна Басьцюк настроеная скептычна.

«Нам з мужам здалося, што ён праводзіў апытаньне павярхоўна», — гаворыць яна.

Басьцюкам нічога не вядома аб магчымых затрыманьнях у справе сына. Вынікі новага расьсьледаваньня справы Арцёма Басьцюка стануць вядомыя ў наступным месяцы. Тады ж сьледзтва павінна вырашыць, працягваць займацца ёй альбо не.

30 лістапада стала вядома, што брат загінулага ў Печах вясной 2015 году Міхаіла Бяўзюка дамогся аднаўленьня расьсьледаваньня абставінаў яго сьмерці. Іван Бяўзюк зьвярнуўся ў сьледчыя органы ў лістападзе 2017 году, пасьля гібелі Коржыча. У размове са Свабодай ён паведаміў, што пра вынікі першага расьсьледаваньня сям’і Бяўзюкоў нічога не вядома дагэтуль.

«Наконт новага расьсьледаваньня са мной пакуль ніхто не зьвязваўся. Толькі папера прыйшла, што справай брата зноў займаюцца, і ўсё, — гаворыць Іван Бяўзюк. — Буду чакаць. Павінен жа са мной нехта зьвязацца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG