Цэны на беларускі красовэр Geely Atlas, выраблены на заводзе «БелДжы» пад Барысавам, будуць ніжэйшыя за названыя раней, паведаміў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» начальнік камэрцыйнай службы «БелДжы» Кірыл Шаламіцкі.
Як перадае БелаПАН, паводле слоў Шаламацкага, кошт аўтамабіляў назавуць 15 сьнежня падчас афіцыйнага адкрыцьця дылерскіх цэнтраў у Менску. Папярэднюю замову на аўтамабілі ўжо аформілі каля 200 пакупнікоў у Беларусі.
«Першая партыя, якую мы плянуем прадаваць у Беларусі, гэта прыкладна 200 аўтамабіляў, яна знойдзе свайго пакупніка. Цана будзе названая адначасова для рынкаў Расеі і Беларусі 15 сьнежня», — сказаў прадстаўнік «БелДжы».
Афіцыйна мадэль на рынак выведуць на некалькі дзён раней — 12 сьнежня на заводзе ў Жодзіне, дзе красовэр Geely Atlas прэзэнтуюць усім ахвотным. Прадаваць гэты аўтамабіль будуць у васьмі расфарбоўках. Акрамя традыцыйных чорнага, белага і серабрыстага колераў зьявяцца залацісты, чырвоны і «шэры базальт».
Віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка ў канцы лістапада заявіў, што каштаваць аўтамабілі Geely, якія ў Беларусі выпускаюць у трох мадэлях, будуць ад 17 да 25 тыс. даляраў. Савет міністраў плянаваў да 27 лістапада падаць у Адміністрацыю прэзыдэнта праект указу аб падтрымцы продажу ў краіне аўтамабіляў Geely.
Паводле слоў Сямашкі, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу забясьпечыць льготныя ўмовы. «Каб чалавек мог купіць, напрыклад, заплаціўшы першапачаткова 10% ад кошту аўтамабіля, потым купіць у лізінг на сем гадоў альбо ўзяць ільготны крэдыт на сем гадоў», — сказаў тады віцэ-прэм`ер.