Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускага цэмэнту на ўкраінскім рынку пабольшала ў 170 разоў. Магчымае расьсьледаваньне


Цэмэнтны завод у Крычаве.
Цэмэнтны завод у Крычаве.

Украінскія вытворцы цэмэнту заяўляюць пра парушэньне прынцыпаў добрасумленнай канкурэнцыі на ўнутраным рынку Ўкраіны з боку беларускіх вытворцаў. Яны патрабуюць ад ураду стварэньня роўных умоў для гандлю.

«Сёлета ўвоз беларускага цэмэнту ва Ўкраіну павялічыўся ў 170 разоў да больш як 255 тысяч тон. У той час, як Украіна на беларускім рынку мае падзеньне нават пры тых невялікіх аб’ёмах, якія пастаўляюцца ў Беларусь. Украінскі цэмэнт не дапускаецца на беларускі рынак», — паведаміў Свабодзе старшыня Асацыяцыі вытворцаў цэмэнту «Укрцэмэнт» Паўло Качур.

Ён дадаў, што сэртыфікаты на ўвоз беларускага цэмэнту ва Ўкраіну выдаваліся з парушэньнямі. «Такія сэртыфікаты выдаваліся з даведкамі пра выпрабаваньні, а самі выпрабаваньні не праводзіліся. У выніку тры сэртыфікаты — два Белацаркоўскага і адзін Чарнігаўскага цэнтраў сэртыфікацыі былі адмененыя, як такія, што выдаваліся з парушэньнем», — патлумачыў ён.

Паводле Паўла Качура, юрыдычная кампанія, якую ўкраінскія вытворцы далучылі да вывучэньня сытуацыі на цэмэнтным рынку Ўкраіны, прыйшла да высновы пра парушэньні антыдэмпінгавага заканадаўства.

«Беларускі цэмэнт на ўкраінскім рынку, з улікам транспартных выдаткаў, прадаецца па коштах значна ніжэйшых, чым на тэрыторыі Беларусі. І гэта кваліфікуецца як дэмпінг. Акрамя таго, кампанія прадставіла факты, калі беларускі ўрад зь бюджэту стымулюе, а дакладней, субсыдуе вытворцаў беларускага цэмэнту. Гэта таксама парушэньне артыкула 10 пагадненьня аб свабодным гандлі», — дадаў старшыня асацыяцыі «Укрцэмэнт».

Паўло Качур паведаміў, што факты парушэньняў беларускіх вытворцаў задакумэнтаваныя і накіраваныя ў два галіновыя міністэрствы для рэагаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG